Яму і судоваму працэсу ашмянскіх мытнікаў прысьвечаная кніга Сяргея Дубаўца «Тантамарэскі», якая выйшла ў «Бібліятэцы Свабоды» і летась стала пераможцай літаратурнай прэміі Ежы Гедройця.

Вясной 2015 году былі затрыманыя больш за паўсотні супрацоўнікаў пункта пропуску «Каменны Лог». Супраць мытнікаў завялі пяць крымінальных спраў за спрыяньне ў «кантрабандзе кветак».

У верасьні 2017-га Алеся Юркойця асудзілі на 7 гадоў у так званай «кветкавай справе». Ён належаў да групы з чатырох мытнікаў, якія не прызналі віны і даказвалі, што яны ня бралі хабараў.

Алесь Юркойць вядомы як грамадзкі і культурны дзяяч, адзін з рухавікоў беларускага нацыянальнага жыцьця ў рэгіёне. Праводзіў пленэры, курсы «Мова нанова», стварыў таварыства «Вільняр» — адзіную на Астравеччыне краязнаўчую суполку, якая вывучала і пашырала веды пра свой край.

На перакананьне ягоных паплечнікаў і аднадумцаў, ён апынуўся за кратамі паводле прынцыпу «калектыўнай адказнасьці».

Алесь Юркойць зь вёскі Варняны Астравецкага раёну, з жонкай Ганнай гадавалі трох дзетак. Амаль 20 гадоў адпрацаваў інспэктарам на Ашмянскай мытні.

Усталяваў памятныя камяні і шыльды паэтам Казімеру Сваяку ў Вільні і Янку Быліну ў Клюшчанах; адкрыў музэй братоў Стаповічаў у вёсцы Барані; арганізаваў міжнародныя пленэры жывапісцаў і скульптараў, паэтычны слэм; правёў процьму лекцый, кніжных прэзэнтацый, вандровак і экскурсій; паставіў помнік у вёсцы Слабодка да юбілею паўстаньня Кастуся Каліноўскага; адшукаў 20-ы пункт Дугі Струвэ; арганізаваў «Касінэрскі фэст».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0