Фота Надзеі Бужан.

Фота Надзеі Бужан.

Джэфры Арнэт, старшы навуковы супрацоўнік амерыканскага Універсітэта Кларка, тлумачыць, што навучацца нормам і выконваць іх — натуральная частка чалавечай прыроды. Самі нормы, у сваю чаргу, нараджаюцца пад уплывам шэрагу сацыяльных, эканамічных і тэхналагічных чыннікаў, гэта камбінацыя меркаванняў мільёнаў людзей, піша ВВС.

Вопыт нашых бацькоў шмат уплывае на тое, у якім узросце ад нас саміх чакаюць стварэння сям’і. Напрыклад, у другой палове ХХ стагоддзя большасць людзей заключалі шлюб да 25 гадоў, пасля чаго адразу нараджалі дзяцей. У Беларусі да 1980-х сярэднім узростам заключэння шлюбу былі 22 гады для мужчын і 20 гадоў для жанчын. Ужо ў 1990-х гэты ўзрост ссунуўся да 24 і 22 гадоў, а да 2020 года вырас да 28 і 26 гадоў адпаведна. Тым часам у Нямеччыне гэта нават 34 і 32 гады.

Нашы сучаснікі ствараюць сем’і і нараджаюць дзяцей у сярэднім на некалькі гадоў пазней, чым іх бацькі, бо зараз мы жывём у зусім іншым свеце.

Пакаленне, што нарадзілася ў канцы ХХ стагоддзя, траціць больш гадоў на адукацыю, чым яго папярэднікі. Гэта значыць, што яго прадстаўнікі пазней пачынаюць працаваць і, адпаведна, адкладваць грошы на ўласнае жытло. Да таго ж, змянілася ўяўленне пра гендарныя нормы. Цяпер грамадства нашмат больш спакойна ўспрымае жанчын, якія не спяшаюцца замуж, а прысвячаюць час адукацыі і кар’еры.

Тым не менш, моладзь адчувае неабходнасць жыць па нормах бацькоў, нават калі гэтыя нормы больш не адпавядаюць новай сацыяльнай рэальнасці. Адчуванне разрыву паміж тым, чаго, як здаецца людзям, яны павінны дасягнуць, і тым, што магчыма ў цяперашнім фінансавым, сацыяльным і адукацыйным клімаце, дрэнна ўплывае на самаацэнку, а, часам, нават на ментальнае здароўе.

Брытанскі псіхолаг Шарлотта Х’юздэн якраз працуе з людзьмі, што пакутуюць ад гэтага. Па яе словах, людзі часта робяць перабольшванні, напрыклад, кажуць «усе навокал жэняцца» або «усе зарабляюць больш, чым я». Але гэта не так — некаторыя людзі жэняцца і ў некаторых людзей шмат грошай. Псіхолаг дадае, што дасягненне гэтых мэт не абавязкова палепшыць ваша жыццё. Таму варта аддзяляць тое, чаго вы сапраўды жадаеце, ад таго, што ад вас чакаюць родныя, і прысвячаць больш увагі таму, што робіць вас шчаслівымі. Усе людзі розныя, у кожная свая дарога, а ўсё, у тым ліку шлюб і сям'я, здарыцца з вамі ў свой час.

У той жа час, сапраўды, не ўсё можна адкласці на пасля. Жанчыне, сапраўды, лепш нарадзіць першае дзіця да 35 гадоў, а пасля пэўнага ўзросту пары будзе цяжка ці немагчыма нарадзіць і выхаваць малых.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?