У панядзелак Алена Гнаўк на сваёй старонцы ў фэйсбуку распавяла, як ездзіла на спатканне з былым мужам. Выявілася, што той зараз знаходзіцца ў няволі за ўдзел у пратэстах.

«Сёння, 22 сакавіка, у майго Гнаўк Паўла Сямёнавіча (былога) — дзень нараджэння! — піша Алена Гнаўк. — Спаўняецца 57 гадоў!

На днях наведвала яго па месцы знаходжання — у арыштным доме ў Ваўкавыску, куды ён быў пераведзены з Баранавіцкай турмы. (Нагадаю, што ён адбывае тэрмін — тры месяцы арышту, па крымінальнай справе, фактычна за ўдзел у пратэстах разам са сваёй… былой жонкай).

У Ваўкавыск дабралася рэйсавым аўтобусам Брэст — Гродна, які праходзіць праз Пружаны. Дарога заняла ўсяго 1 гадзіну 20 хвілін. Да гэтага ў Ваўкавыску ніколі не была, толькі праездам, калі пару разоў ездзіла ў Гродна.

Побач з аўтавакзалам знаходзіцца чыгуначная станцыя. Ад яе можна дабрацца да Баранавічаў і да Гродна. Далей на таксі (дарога па лічыльніку каштавала ўсяго 3 рублі) — дабралася да так званага арыштнага дома.

Як ні дзіўна, сам арыштны дом і супрацоўнікі мне спадабаліся. Памяшканне, дзе прымаліся перадачы, было вельмі ўтульным. Праўда, узяўшы мае дакументы, доўга некуды тэлефанавалі, узгаднялі, ўдакладнялі. Нагадаю: перадачы і спатканні прадастаўляюцца толькі блізкім сваякам. Я ж па дакументах пасля разводу лічылася «чужая».

Нарэшце, усё. Фармальнасці выкананыя, і мне было дадзена дабро на спатканне.

Праўда, не ўзялі газеты. Я сабрала некалькі асобнікаў (ксеракопія) «Народнай волі» і некалькі асобнікаў раёнкі «Пружанскі будні». Але літаральна прывялі да стэнда і паказалі, што газеты, аказваецца, не ўваходзяць у пералік перадачы. Вельмі перапрашалі…

Што ж, сёння адправіла бандэроллю.

Пашка зайшоў усмешлівы і… зменены. Увесь лысы! Распавёў пра сваё жыццё-быццё. На маё пытанне, ці не крыўдзяць, ты ж такі ліст напісаў, адказаў:

— Ды ты што? Начальнік атрада прыходзіць амаль кожны дзень і ўсё пытаецца, ці ёсць якія заўвагі, прапановы…

(Нагадаю, сябры, што даведаўшыся пра ўмовы ўтрымання, не зусім камфортныя, я накіравала начальніку калоніі свой «кампрамат»).

Пашка ўсё перажываў за мяне, за будучы суд. Тэрмін пакарання ў яго заканчваецца 29 красавіка.

У самым канцы ён зрабіў мне… прапанову рукі і сэрца! (Праз маю шкадлівасць развяліся год таму). Сказаў, што калі раптам мяне пасадзяць, то будзе насіць перадачы і хадзіць на спатканні!»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0