«У сувязі з працягам недружалюбных жэстаў Мінска ў дачыненні да польскіх дыпламатаў у рамках прынцыпу ўзаемнасці Міністэрства замежных спраў Польшчы прыняло пастанову выслаць генеральнага консула Рэспублікі Беларусь у Беластоку і консула Рэспублікі Беларусь з місіі ў Варшаве», — паведаміў намеснік міністра замежных спраў Польшчы Марцін Пшыдач.

Нагадаем, 9 сакавіка ў МЗС Беларусі быў выкліканы Часовы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі Марцін Вайцяхоўскі. Падчас сустрэчы польскаму дыпламату быў заяўлены рашучы пратэст у сувязі з удзелам консула Генеральнага консульства Рэспублікі Польшча ў Брэсце Ежы Цімафеюка ў неафіцыйным мерапрыемстве, прысвечаным «дню выклятых жаўнераў», які прайшоў 28 лютага 2021 года ў Брэсце з удзелам прадстаўнікоў звязаных з Польшчай няўрадавых і моладзевых арганізацый.

На думку беларускага боку, удзелам ва ўказаным мерапрыемстве польскі прадстаўнік «груба парушыў нормы міжнароднага права, у прыватнасці — Венскую канвенцыю аб консульскіх зносінах».

Консулу Генеральнага консульства Рэспублікі Польшча ў Брэсце Ежы Цімафеюку прапанавана пакінуць тэрыторыю Рэспублікі Беларусь.

Нацыянальны Дзень памяці «выклятых жаўнераў» адзначаецца ў Польшчы 1 сакавіка з 2011 года. Гаворка ідзе пра ўдзельнікаў антысавецкага падполля, якія змагаліся за незалежнасць краіны.

Сярод сотні тысяч гэтых байцоў, якіх у Польшчы лічаць героямі-ветэранамі, былі і салдаты атрада Бурага, якія спалілі пяць вёсак на тэрыторыі з беларускім праваслаўным насельніцтвам.

Да 2021 года ўшанаванне памяці АКаўцаў не выклікала такой рэакцыі беларускіх уладаў. Цяпер гэта адбылося на фоне рэзкага пагаршэння беларуска-польскіх адносін, як і адносін Беларусі з іншымі еўрапейскімі краінамі.

Высылка з Беларусі адразу трох консулаў можа ўскладніць працэс выдачы віз беларусам. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0