Фота Depositphotos.com
Апельсіны прыгожа выглядаюць на дрэве, але становяцца праблемай, калі яны падаюць на дарогу пад колы аўтамабіляў. Тады вуліцы робяцца клейкімі праз апельсінавы сок і чорнымі ад мух, што прылятаюць на рэшткі садавіны. Севільскія ўлады штогод наймаюць каля 200 чалавек для дапамогі ў зборы апельсінаў.
Цяпер у гэтым паўднёваіспанскім горадзе паспрабуюць вырабляць з апельсінаў электрычнасць. Для гэтага будзе выкарыстоўвацца метан, які вылучаецца падчас гніення апельсіна.
Мясцовая водаправодная кампанія Emasesa плануе пачаць працу з выкарыстання 35 тон апельсінаў для вырабу экалагічна чыстай энергіі, якая далей пойдзе на працу аднаго з севільскіх заводаў ачышчэння вады. Садавіну будуць пераапрацоўваць на ўжо існуючым прадпрыемстве, якое займаецца атрыманнем энергіі з арганічнага матэрыялу, паведамляе the Guardian.
Бенінья Лопез, кіраўнік аддзела па экалогіі ў Emasesa, тлумачыць, што хутка кампанія спадзяецца атрымаць магчымасць пераапрацоўваць усе севільскія апельсіны. Як лічыць Лопез, для гэтага патрэбныя інвестыцыі ў памеры каля 250 тысяч еўра.
Ёсць і больш смелыя планы, бо, па ацэнках Emasesa, тона апельсінаў можа даць дастаткова энергіі на суткі для пяці дамоў.