«Гомельская вясна»

«Гомельская вясна»

Справу разглядае суддзя Сяргей Кармановіч. Пацярпелая па справе — супрацоўніца АУС Цэнтральнага раёна Гомеля Наталля Сінкевіч.

Паводле абвінавачання, 15 лістапада ў Гомелі падчас пратэстаў Дзмітрый Цімашэнка ўдарыў па руцэ супрацоўніцу міліцыі Наталлю Сінкевіч, якая здымала на тэлефон пратэстоўцаў. Тэлефон упаў і разбіўся. Матэрыяльная шкода складае 800 рублёў. Сваімі дзеяннямі Дмітрый Цімашэнка ўчыніў злачынства па арт. 364 Крымільнага кодэкса — «Гвалт ці пагроза гвалту ў дачыненні да супрацоўніка МУС».

18 лістапада хлопца затрымалі і ўзялі пад варту.

На суд прыйшлі каля 20 слухачоў.

Падчас працэсу Дзмітрый Цімашэнка распавёў, што 15 лістапада гуляў па горадзе і пайшоў у бок цырка. Каля фантана было шмат людзей, якія ішлі ад цырка да танка. На прыступках цырка хлопец спыніўся, таму што трапіў на камеру супрацоўніцы міліцыі.

«Я спужаўся, што ў далейшым буду прыцягнуты да адміністратыўнай адказнасці па 23.34 КаАП. Я паспрабаваў выбіць рукой тэлефон у супрацоўніцы. Цэліўся ў тэлефон, быў спужаны. Зразумеў, што зрабіў глупства, адышоў ад міліцыянткі. Падышоў да мяне чалавек у цывільным, паказаў на мяне рукой супрацоўнікам міліцыі, мяне затрымалі і даставілі ў міліцыю», — сказаў абвінавачаны.

Адвакат запытаўся ў Дзмітрыя Цімашэнкі, ці займаўся ён палітыкай?

Падсудны кажа, што ніколі ні чым не ўдзельнічаў.

«Хачу папрасіць прабачэння ў пацярпелай і ў усяго МУСа. Раскайваюся», — кажа Дзмітрый з хваляваннем, хлопец ледзьве не заплакаў.

У судзе дапыталі пацярпелую супрацоўніцу АУС Цэнтральнага раёна Гомеля Наталлю Сінкевіч. Яна распавяла, што 15 лістапада была задзейнічана на ахову грамадскага парадку каля цырка: інфармавала грамадзянаў, што яны не павінны ўдзельнічаць у несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў. Перад цыркам было масавае скапленне грамадзянаў, былі сцягі, людзі выкрыквалі палітычныя лозунгі.

«Раптам адчула ўдар ў вобласць лакця, тэлефон паляцеў уверх і ўпаў на асфальт. Калега Мальцаў сказаў, што бачыў, хто гэта зрабіў. Мы падышлі да Цімашэнкі, ён разбіў свой тэлефон і пабег. Тады мы пачалі яго затрымліваць, ён супраціўляўся, мы выкарысталі фізічную сілу.

Ад удару ў мяне быў сіняк. Матэрыяльная шкода — разбіты тэлефон, які ўжо не працаваў. Тэлефон быў узяты ў крэдыт, які я дагэтуль не выплаціла. Матэрыяльную шкоду мама Дзмітрыя Цімашэнкі мне кампенсавала».

Наталля Сінкевіч кажа, што ёй быў нанесены фізічны боль і маральныя пакуты: яна адчувала страх і трывожнасць за свайго дзіцёнка, бо калі нахілілася падняць тэлефон, то пабачыла на зямлі нож у футляры. Пацярпелая заявіла кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 1000 рублёў.

З мамай Цімашэнкі супрацоўніца міліцыі не размаўляла, толькі забрала ў яе грошы за свой сапсаваны тэлефон. З яе словаў, ніхто перад ёй не выбачыўся.

У судзе быў дапытаны сведка — міліцыянт Сяргей Мальцаў, які таксама здымаў на відэа пратэст 15 лістапада. Ён паказаў, што пачуў, як у пацярпелай упаў тэлефон: яна сказала, што ў яе яго выбілі з рук.

«Я ўбачыў маладога чалавека, які адбягаў ад Сінкевіч. Я пайшоў да маладога чалавека, ён стаяў за групай людзей, я папрасіў яго падысці, але ён спрабаваў адбяжаць, тады я схапіў яго за куртку, ён стаў вырывацца, мы яго паклалі на зямлю і затрымалі».

Перад цыркам стаяў натоўп людзей, якім міліцыянеры нібыта казалі разысціся. Лозунгі крычалі, атрыбуцікі не было. Супрацоўнікі міліцыі ў прысутнасці Сяргея Мальцава нікога не затрымлівалі.

Таксама ён не бачыў у Дзмітрыя Цімашэнкі сімволікі, кажа, што стан у падсуднага быў агрэсіўны, а не спужаны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0