Рэгіянальную групу беларускіх анархістаў выявіў ГУБАЗіК.

Прэс-служба МУС паведамляе, што сярод затрыманых — 26-гадовая дзяўчына і трое маладых людзей (20, 24 і 30 гадоў). Яны ўваходзілі ў склад аб'яднання «Рэвалюцыйнае дзеянне» («Аўтаномнае дзеянне — Беларусь»).

Паведамляецца, што ўдзельнікі ячэйкі дзейнічалі і раней, у прыватнасці, закідалі кактэйлямі Молатава будынкі падатковай інспекцыі ў Гомелі і Галасеўскага суда Кіева ў 2016 годзе, расійскага пасольства ў Мінску і Упраўлення КДБ у Бабруйску ў 2010 годзе, а таксама «апаганьвалі розныя будынкі надпісамі і выявамі радыкальнага толку». З 2017 года дзяўчына размяшчала ў адкрытым доступе публікацыі, якія змяшчаюць заклікі да гвалту ў дачыненні да прадстаўнікоў улады.

Паведамляецца, што анархісты рэгулярна чыталі лекцыі, праводзілі семінары і палявыя зборы, дзе навучалі супрацьстаянню праваахоўным органам, у тым ліку падчас заланаваных баявых дзеянняў і пратэстаў, а фінансаванне ажыццяўлялася з-за мяжы, у тым ліку міжнароднымі анархісцкімі арганізацыямі такімі як «анархічны Чорны Крыж». 

Затрыманыя знаходзяцца ў СІЗА ў якасці фігурантаў крымінальнай справы па масавых беспарадках у Мінску.

Адзначаецца, што сабраныя матэрыялы па іншых радыкальных анархістах. Той, хто перабраўся за мяжу, будзе абвешчаны ў вышук.

Учора Радыё Свабода паведаміла, што, магчыма, Аляксандр Францкевіч, Акіхіра Гаеўскі-Ханада і Андрэй Чапюк падазраюцца ва «ўдзеле ў злачыннай арганізацыі». Сваякі паведамілі, што супраць іх пачалі крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 285 Крымінальнага кодэксу («Удзел у злачыннай арганізацыі ў любой іншай форме»).

Усе яны былі затрыманыя ў сярэдзіне жніўня.

Прычым Францкевіч у 2011 г. быў асуджаны на тры гады па абвінавачванні ў злосным хуліганстве, наўмысным пашкоджанні маёмасці і несанкцыянаваным доступе да камп'ютарнай інфармацыі. Раней ён і яшчэ чацвёра яго паплечнікаў былі затрыманыя па падазрэнні ў падпале расійскай амбасады і Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна.

Хлопец выйшаў на волю ў верасні 2013 года, а ў 2015-м з'ехаў у Кіеў, дзе атрымаў дазвол на жыхарства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0