Былому прэзідэнту Украіны выстаўлена абвінавачванне ў дзяржаўнай здрадзе ў сувязі з падпісаннем у 2010 годзе з Расіяй пагаднення па пытаннях знаходжання Чарнаморскага флоту ў Крыме. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Дзяржаўнага бюро расследаванняў Украіны (ДБР), піша РБК.

Следчыя лічаць, што дамоўленасці нанеслі шкоду суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці і недатыкальнасці Украіны, а таксама дзяржаўнай і эканамічнай бяспецы краіны. Таксама ў ведамстве адзначылі, што з прычыны падпісання пагадненняў «быў павялічаны асабісты склад войскаў і вайсковай тэхнікі Узброеных Сіл РФ на тэрыторыі Украіны замест падрыхтоўкі да іх памяншэння і вываду» з краіны.

21 красавіка 2010 Украіна і Расія падпісалі ў Харкаве пагадненне аб умовах знаходжання Чарнаморскага флоту Расіі ў Крыме. Размяшчэнне флоту было ўзгодненае да 2042 года ў абмен на зніжэнне цаны расійскага газу на 30%.

Януковіч быў прэзідэнтам Украіны з 2010 па 2014 год. Пасля Еўрамайдана ён збег у Расію. Ва Украіне супраць яго распачатыя некалькі крымінальных спраў. Па адной з іх у 2019 годзе экс-прэзідэнта завочна прысудзілі да 13 гадоў пазбаўлення волі за дзяржаўную здраду і дапамогу ў вядзенні агрэсіўнай вайны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0