Tobias Baumgaertner
Здымак дваіх аўдавелых пінгвінаў, якія нібы суцяшаюць адзін аднаго, стаў пераможцам прэміі Ocean Photograph Awards часопіса Oceanographic, піша Бі-бі-сі.
Фота было зроблена ў аўстралійскім Мельбурне нямецкім фатографам Тобіясам Баўмгертнерам.
Як яму распавялі, птушкі сапраўды незадоўга да гэтага страцілі спадарожнікаў жыцця.
На пірсе Сэнт-Кілда ў Мельбурне гняздуюцца прыкладна 1400 малых пінгвінаў. Называюцца яны так не выпадкова — гэта сапраўды самы маленькі від пінгвінаў, іх сярэдні рост — каля 33 см.
«Адзін з валанцёраў падышоў да мяне і распавёў, што белы — гэта ўжо пажылая самка, якая страціла спадарожніка, і тое ж быццам бы здарылася з больш маладым самцом, — напісаў у сваім «Інстаграме» фатограф. — З тых часоў яны рэгулярна сустракаюцца, суцяшаюць адно аднаго і разам гадзінамі назіраюць за агнямі горада».
Тры ночы фатограф назіраў за птушкамі. «Ніякае падсвятленне выкарыстоўваць не дазвалялася, ды і немагчыма было, а пінгвіны маленькія, пастаянна рухаюцца, труць адно аднаму спіну крыламі і чысцяць пёры, таму злавіць момант для здымка было цяжка. Але ў рэшце рэшт мне ўсё ж такі пашанцавала», — распавёў Баўмгертнер.