Сенат ЗША ўхваліў законапраект «Аб суверэнітэце, правах чалавека і дэмакратыі ў Беларусі» (Belarus Democracy, Human Rights, and Sovereignty Act). Дакумент дае прэзідэнту ЗША дадатковыя паўнамоцтвы па ўвядзенні санкцый у сувязі з выбарамі 2020 года ў Беларусі і наступнымі за імі падзеямі.

Законапраект быў прадстаўлены кангрэсмэнам Крысам Смітам. Ён з'яўляецца адным з аўтараў актаў аб дэмакратыі ў Беларусі 2004, 2006 і 2011 гадоў. 

«Прэзідэнт ЗША можа ўвесці візавыя санкцыі супраць любога замежніка, які з'яўляецца сябрам Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі ці ўдзельнічаў у маніпуляцыях на выбарах, або ў дачыненні да ўрадавай асобы, адказнай за пераслед незалежных СМІ, альбо прадстаўніка саюзнай дзяржавы, альбо расійскага грамадзяніна, які прымаў значны ўдзел у пераследзе СМІ, парушэнні правоў чалавека адносна палітычных рэпрэсій у Беларусі», - гаворыцца ў тлумачэнні да дакумента.

Акрамя таго, абноўлены Акт аб дэмакратыі ў Беларусі змяшчае наступныя палажэнні:

  • прызнае Каардынацыйную раду законным інстытутам для ўдзелу ў дыялогу аб мірнай перадачы ўлады і не прызнае Аляксандра Лукашэнку «законна абраным лідарам Беларусі»;
  • заклікае правесці новыя прэзідэнцкія і парламенцкія выбары ў свабоднай і справядлівай форме ў адпаведнасці са стандартамі АБСЕ;
  • заклікае вызваліць усіх палітычных зняволеных без усялякіх папярэдніх умоў;
  • падтрымлівае імкненне народа Беларусі да свабоды веравызнання;
  • дазваляе дапамогу ў прасоўванні дэмакратыі і развіцці грамадзянскай супольнасці ў Беларусі;
  • заяўляе, што ЗША не прызнаюць уключэння Беларусі ў Саюзную дзяржаву з Расеяй;
  • патрабуе ад Злучаных Штатаў стратэгіі па прасоўванні вяшчання, свабоды інтэрнэту і доступу да інфармацыі;
  • аказвае падтрымку беларускім СМІ і прадстаўнікам IT-сектара.

Раней дакумент ухваліла Палата прадстаўнікоў. Цяпер яго мае падпісаць прэзідэнт ЗША.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0