Праваабаронцы патрабуюць распачаць крымінальную справу, правесці расследаванне і пакараць вінаватых у смерці Рамана Бандарэнкі.

«Відавочна, што адказнасць за смерць Рамана Бандарэнкі ляжыць на Міністэрстве ўнутраных справаў і тых, хто аддаваў міліцыі загад «закруціць гайкі». Улады правакуюць яшчэ большую напружанасць паміж імі і народам, — кажа старшыня ПЦ «Вясна» Алесь Бяляцкі. —

Мы, праваабаронцы, патрабуем узбуджэння крымінальнай справы, правядзення расследвання і пакарання вінаватых. Хаця я разумею, што Следчы камітэт гатовы заплюшчваць вочы на любое беззаконне і гвалт, учынены сілавікамі. Але я веру, што аніводнае злачынства, учыненае супраць людзей, не будзе дараванае. Я заклікаю людзей не ўпадаць у роспач і адчай і далей адстойваць свае правы чалавека. Бо мы — не быдла!»

31-гадовы мінчук Раман Бандарэнка памёр увечары 12 лістапада ў бальніцы, дзе знаходзіўся ў вельмі цяжкім стане. Увечары 11 лістапада невядомыя прыехалі ў легендарны двор «Плошча Перамен» зразаць стужкі. Скончылася ўсё бойкай з Раманам Бандарэнкам. Невядомыя збілі яго, пасля чаго даставілі ў РУУС, а адтуль — ужо без прытомнасці — у бальніцу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0