Дзяржаўны мытны камітэт працягне прымаць на мяжы прафілактычныя меры для выключэння завозу інфекцыі з-за складанай эпідэміялагічнай абстаноўкі і пагаршэння сітуацыі з захворваннем на каранавірус у шэрагу краін. Пра гэта паведаміў журналістам кіраўнік ДМК Юрый Сянько, каментуючы паведамленні СМІ аб увядзенні на беларускай мяжы «беставарнага» ўезду, піша «Інтэрфакс-Захад».

«Мытная служба выконвае ўсе санітарныя нормы, якія патрабуюцца ва ўмовах пандэміі. Гэта тычыцца і таго, каб выключыць перасоўванне тавараў, якія могуць нейкім чынам паўплываць на бяспеку людзей», — сказаў Сянько. 

Кіраўнік ДМК дадаў, што «ў сувязі з гэтым дзейнічаюць нарматыўна-прававыя акты, якія даюць магчымасць фізічным асобам перамяшчаць праз мяжу толькі тавары, прызначаныя для асабістага карыстання».

«Калі тавары прызначаныя для камерцыйнага выкарыстання, то альбо трэба выплаціць мытную пошліну, альбо грамадзянін вяртае іх назад, здае на захоўванне — у залежнасці ад яго рашэння», — растлумачыў Сянько.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0