35-гадовы Зміцер Смаляк 10 жніўня стаў не толькі сведкам абстрэлу мірных людзей каля метро «Пушкінская» ў Мінску, але і пацярпеў: падчас разгону пратэстоўцаў у яго трапіла святлашумавая граната, піша «Радыё Свабода».

Неабыякавыя людзі падвезлі мужчыну да шпіталя, дзе ён прабыў тыдзень. Да 8 кастрычніка Зміцер афіцыйна на бальнічным, перасоўваецца толькі са старонняй дапамогай.

Раніцай 29 верасня ў кватэру Смалякоў заявіліся тры міліцыянты з ордарам. Як расказала «Свабодзе» жонка пацярпелага Ася, у выніку ператрусу забралі ноўтбук, тэлефон і бел-чырвона-белы сцяг, які вісеў на сцяне.

«Паўтара месяца ніхто не турбаваў і тут раптам выклікалі на допыт, — расказвае Ася. — Зміцер дагэтуль не можа самастойна перасоўвацца, адразу ацякае нага. На тым канцы адрэагавалі досыць арыгінальна: выклічыце таксі. Ён мае на руках медыцынскія пацверджанні траўмы, мы папрасілі адкласці размову прынамсі на два тыдні. Але сёння а 8-й раніцы заявіліся з ператрусам. Калі пераканаліся, што сітуацыя сур’ёзная, сказалі, каб чакалі следчага».

Пасля выхаду са шпіталя 18 жніўня Зміцер Смаляк з адвакатам падалі заяву ў Следчы камітэт на дзеянні сілавікоў.

Па словах жонкі, 10 жніўня Зміцер выйшоў на вуліцу якраз дзеля таго, каб паразмаўляць і з міліцыяй, і з людзьмі, намагаючыся пераканаць абодва бакі адмовіцца ад гвалту. У выніку быў паранены, апошнія паўтара месяца лечыцца і яшчэ аказаўся фігурантам крымінальнай справы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?