На хуткіх падчас пратэстаў ездзіў не АМАП, а ваенныя медыкі. «Гвалт на вуліцах хвалюе». Канструктыўнага дыялогу пра фальсіфікацыі на выбарах не выйшла. 27 жніўня ініцыятыўная група студэнтаў і выпускнікоў сустрэлася з новым старшынёй аблвыканкама Уладзімірам Каранікам у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце ім. Янкі Купалы. Адзін з удзельнікаў сустрэчы падрабязна распавёў Hrodna.life, пра што там гаварылі.

Уладзімір Каранік прызнаў, што цяпер інфармацыя ў дзяржаўных СМІ і альтэрнатыўных крыніцах (сацсетках, тэлеграм-каналах) дрэнна карэлюе паміж сабою: «Мы адчуваем дэфіцыт бесстароннасці. З’явіліся дзве праўды, не хапае аб’ектыўнасці. Гэта ўносіць раскол у грамадства. Пераадольваць праблемы трэба праз дыялог».

Пасля ўступнай прамовы члены ініцыятыўнай групы спыталі, ці чакаць у будучыні ціску на актывістаў, іх звальненняў або адлічэнняў за іх пункт гледжання і нязручныя пытанні. Уладзімір Каранік даў слова, што ганенняў не будзе: «Калі вы не парушаеце дзеючае заканадаўства».

Заявы пра гвалт аб’ядноўваюць у адну справу

Падняўшы тэму гвалту сілавікоў і пераследаў пратэстуючых, купалаўцы распавялі, што пацярпелі і члены ініцыятыўнай групы. Увечары 9 жніўня дацэнт універсітэта прыехаў у РАУС даведацца пра стан затрыманага брата, але яго самога затрымалі на ўсю ноч. Раніцай выкладчыку сказалі «прабачце» і адпусцілі. У другім выпадку 12 жніўня АМАП без тлумачэння прычын збіў дубінкамі навуковага супрацоўніка проста ў цэнтры горада, але адпусціў.

«Тое, што правы парушаныя, ненармальна, але трэба разабрацца ў кожным канкрэтным здарэнні: што стала прычынай і нагодай, наколькі абгрунтавана прымяненне сілы», — адказаў Уладзімір Каранік.

— Былі парушэнні з абодвух бакоў. <…> Гвалт на вуліцах мяне палохае і хвалюе. Элемент сілавога затрымання, калі чалавека просяць спыніцца, а ён уцякае, — у межах дзеючага заканадаўства. Калі ж чалавек упаў, біць нельга».

Таксама ён распавёў, што заявы ад пацярпелых аб’ядноўваюцца ў адно справаводства, часам цэлымі вуліцамі, на якіх працавалі адны і тыя ж людзі, збіраюцца факты для расследаванняў, каб затым даць прававую ацэнку дзеянням усіх бакоў.

Удзельнікам праўладнага мітынгу вынесуць папярэджанне

На сустрэчы купалаўцы звярнулі ўвагу на некалькі фактаў: ​​17 жніўня гарвыканкам пайшоў насустрач пратэстоўцам і дазволіў праводзіць сходы на цэнтральных плошчах горада, але абяцанняў хапіла на 3 дні. Пазней улады адхілілі просьбу ва ўзгадненні чарговага мітынгу, бо 20 жніўня рашэннем Савета дэпутатаў плошчы Савецкая і Леніна былі прызнаныя месцамі, не прызначанымі для масавых мерапрыемстваў. Але ўжо 22-га прыхільнікі дзеючага прэзідэнта з лозунгамі «За бацьку!» занялі плошчу Леніна. Мітынг наведаў і сам Лукашэнка.

«А хто першы пачаў? Тыдзень хадзілі з БЧБ незаконна. Пасля гэтага выйшлі людзі з дзяржаўным сцягам. Нам не было чаго сказаць людзям, чаму астатнім можна, а ім нельга, — адказаў Каранік. — Улада пайшла на фармальныя парушэнні, дазваляючы (22-га мітынг прыхільнікаў дзейнага прэзідэнта — заўв.), каб выканаць прынцып справядлівасці. Я гатовы несці адказнасць. Мы вынесем папярэджанне».

Уладзімір Каранік дадаў, што можна забараніць усім выходзіць на плошчы: у Гродне ёсць альтэрнатыўныя месцы для масавых мерапрыемстваў — Румлёўскі і Каложскі паркі. Ён прапанаваў збірацца там на дыскусіі пад усімі сцягамі. «Мы гатовыя разгледзець пытанне і даць пляцоўку па заяўным прынцыпе», — запэўніў ён. Выдаткі на паслугі міліцыі, хуткай дапамогі і ЖКГ (каля 6 тыс. руб.) у такім выпадку лягуць на дзяржбюджэт.

Таксама Каранік прапанаваў правесці дыскусійны клуб у прамым эфіры, дзе адаб’ецца ўвесь плюралізм меркаванняў.

Хто ездзіў у машынах меддапамогі падчас пратэстаў

Былы міністр аховы здароўя растлумачыў з’яўленне на мітынгах так званых траянскіх коней — машын меддапамогі, у якіх былі заўважаныя людзі ў форме (многія Telegram-каналы пачалі абмяркоўваць, што транспарт, магчыма, выкарыстоўвалі для падвозу байцоў да месца разгону пратэстоўцаў). Па словах Караніка, гэта былі аўтамабілі медыцынскай службы, у якіх былі не супрацоўнікі АМАПа, а ваенныя медыкі. Яны працавалі ў «агменях» падзей, каб выключыць трапленне работнікаў хуткай «пад раздачу». За рамкі закона гэта ніякім чынам не выходзіць.

«Пераходзьце ў прававое поле»

Уладзімір Каранік парэкамендаваў усім прыхільнікам іншых кандыдатаў у прэзідэнты і актывістам перайсці ў прававое поле: «Калі ёсць праграма і канструктыўныя прапановы, якія дапамогуць палепшыць жыццё ў нашай краіне, стварайце грамадскае аб’яднанне ці палітычную партыю. Вызначайце перамоўную пазіцыю і патрабаванні, прад’явіце легітымнага прадстаўніка». Ён паабяцаў аказаць неабходнае садзейнічанне ў рэгістрацыі структур і накіраваць на кансультацыю да юрыстаў аблвыканкама.

Старшыня аблвыканкама не прызнае страйк эфектыўным метадам палітычнай барацьбы: ён павінны вырашаць толькі працоўныя спрэчкі. Купалаўцы нагадалі, што працоўныя калектывы, якія страйкуюць, патрабуюць неадкладнай адстаўкі кіраўніка дзяржавы, бо сумняваюцца ў яго легітымнасці. Яны не давяраюць уладам і тым, хто стварыў умовы для фальсіфікацый ці не расследаваў інцыдэнты на выбарчых участках. На жаль, на тэму фальсіфікацый выразнай гутаркі не атрымалася.

Ініцыятыўная група Купалаўскага ўніверсітэта мае намер стварыць грамадскую арганізацыю, якая пачне дзейнічаць у вну. Яе праграма будзе агучана ў найбліжэйшыя дні. Раней ініцыятыўная група вну сустракалася з рэктарам універсітэта і агучыла свае палітычныя патрабаванні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?