На вуліцы Савецкай, 55 крама працуе апошнія тры дні, піша Радыё Свабода.

Як паведамілі ў краме, «зь незалежных ад нас прычынаў мы вымушаныя пакінуць памяшканьне ў сувязі зь непрацягненьнем дамовы арэнды. Вядзём пошук памяшканьня. Але знайсьці добрае памяшканьне ў добрым месцы няпроста і можа заняць нямала часу».

Як патлумачыў Свабодзе адзін з заснавальнікаў крамы Сяржук Бахун, уласьнік памяшканьня, прыватная асоба, вырашыў не працягваць кантракт арэнды, хоць нараканьняў на аплату не было.

Гаспадар ніяк не патлумачыў рашэньня.

Раней крама мела праблемы за продаж бела-чырвона-белых сьцягоў і іншай сымболікі: апячатвалі памяшканьне, канфіскоўвалі сьцягі, кепкі і бранзалеты з нацыянальнай сымболікай, падатковая праводзіла праверку, урэшце адміністрацыйную справу на краму перадалі ў эканамічны суд Берасьця, паведаміў Сяржук Бахун.

Цяпер пастаўкі скарочаныя да мінімума, асартымэнт змяншаецца, некаторыя пазыцыі ўжо скончыліся.

«Наперадзе нас чакае суд, выдаткі на абаронцаў, пераезд, закупка абсталяваньня і рэклямных вывесак, пераафармленьне ўсіх дакумэнтаў, звязаных са зьменай гандлёвай кропкі і ўрэшце закупка і вытворчасьць новага асартыменту тавару»,— паведамілі ў краме.

Крама «Князь Вітаўт» спэцыялізуецца на таварах з гістарычнай, народнай і нацыянальнай сымболікай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0