Праваслаўныя 19 жніўня святкуюць Перамяненне Гасподняе.

Незадоўга да Галгофы, кажа Святое Пісьмо, Ісус Хрыстос узняўся з трыма апосталамі — Пётрам, Якубам і Янам — на гару Табор у Галілеі, дзе «перамяніўся перад імі. Аблічча Ягонае заззяла, быццам сонца, а вопратка сталася белай, як святло».

Калі хрысціянства прыйшло на нашыя землі, дзень Перамянення злучыўся са старажытным святам земляробчага календара.

На Спаса ў цэрквах свянцілі яблыкі і іншую садавіну. У гэтае свята робіцца паблажка тым, хто трымаецца Успенскага посту — дазволена спажываць рыбу і віно.

Старадаўнiя паданнi казалі, што ў дзень Яблычнага Спаса Госпад адорвае душы ўсiх памерлых дзяцей райскiмi яблыкамi — першымi пладамi новага ўраджаю. Таму, у каго хто памёр з блізкіх, той не еў яблык да Спаса, каб на тым свеце блізкаму не застацца без яблык.

Пра Спас ёсць шмат прымавак і прыкметаў. 

Калi буслы адлятаюць з поўдня Беларусі раней за Спас, восень будзе ранняя і халодная. Калі пазней за Спас — мяккая i цёплая.

Прыйшоў Пятрок — апаў лiсток, прыйшоў Iлья — апала два, прыйшоў Спас — пайшло лета ад нас.

Якi другi Спас, такi i студзень.

Спас — усяму час.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0