БелТА

БелТА

Прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка заявіў, што «друкарскі станок» у краіне не запускаўся, а людзям «уліваецца такая інфармацыя ў галаву», паведамляе Інтэрфакс.

«Я б хацеў звярнуцца да шырокіх эканамічных колаў, якія вельмі актыўна каментуюць дзеянні ўрада і нагнятаюць напружанасць, што «ай-яй-яй усё дрэнна, урад цяпер уключыць станок друкарскі, пачне нарошчваць заробкі, будзе эмісія, будзе зноў курс даляра расці». Для чаго гэта робіцца, навошта людзям уліваецца такая інфармацыя ў галаву?

На каго працуюць людзі, якія кожны дзень і праз дзень нагнятаюць гэтую напружанасць? У мяне асабіста адказу на гэтае пытанне няма адназначнага», - сказаў Галоўчанка ў інтэрв'ю «Беларусь 1».

«Паважаныя спадары, супакойцеся. Ніхто ніякі станок не ўключае. Усё пад кантролем і кантралявана. Ажыятажу няма, у нас хапае грошай у бюджэце для таго, каб выконваць свае сацыяльныя абавязацельствы і выконваць праграму развіцця. Таму калі хтосьці за гэта непакоіцца, то не трэба за гэта турбавацца», - дадаў прэм'ер-міністр.

Акрамя таго, кіраўнік урада адзначыў, што ў Беларусі сітуацыя з цэнамі спакойная, інфляцыя — у прагнозных параметрах. «У нас задача, якая была пастаўленая перад урадам і Нацыянальным банкам, — гадавы рост спажывецкіх цэн не павінен перавышаць 5%. На сённяшні дзень мы маем 3,2% з пачатку года, прычым па кантраляваных цэнах ён яшчэ ніжэй», - сказаў ён.

Галоўчанка прызнаў, што «быў перыяд вельмі складаны, калі, зноў-такі, праз разрыў ланцужкоў пастаўшчыкоў пачалі ўзнікаць навесы інфляцыйныя, пачалі падымацца цэны». «Прыйшлося тэрмінова гасіць гэтую сітуацыю — і рэгулятыўнымі метадамі, і эканамічнымі метадамі. Прэзідэнт яшчэ тады вельмі жорстка паставіў пытанне, што нягледзячы на ўсе крызісныя з'явы, парадак на цэнавым рынку павінен быць забяспечаны. І ён забяспечаны цяпер», - дадаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0