Старшыня Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант і галоўны рэдактар «Советской Белорусии» Дзмітрый Жук перакананыя, што справа Белгазпрамбанка не звязаная з выбарчай кампаніяй Віктара Бабарыкі. Гэта яны абмяркоўвалі ў эфіры «Клуба рэдактараў» на «Беларусь 1».

«У Белгазпрамбанку, у некаторых іншых арганізацыях, у тым ліку «ПрыватЛізінгу», пачаліся вобшукі, забіралі нейкія дакументы… І што пачалося ў прэсе… Пра тое, што палітычна матываваная сітуацыя, што нібыта ідзе пераслед каманды, якая працуе з гэтым прэтэндэнтам на ролю кандыдата (Віктарам Бабарыкам — «НН»).

Але высветлілася: аказваецца, уся гэта гісторыя пачалася ў 2016 годзе. Што, на мой погляд, кардынальна змяняе сітуацыю і выбівае глебу з-пад той глабальнай інфармацыйнай кампаніі пад назвай «ціснуць на канкурэнта», — патлумачыў Іван Эйсмант і працытаваў словы Лукашэнкі:

«Працавалі па гэтым банку і па ім з 2016 года. Выявілі вывад грошай, замежныя рахункі, замежную ўласнасць іх. На Кіпры. У Латвіі рахункі, Лондане… Але замежнікі інфармацыю нам (з 2016 года мы прасілі) далі толькі ў снежні мінулага года. Праваахоўныя органы актывізавалі гэтыя дзеянні. Таму з'явіліся пытанні».

«Ці змяняе гэта інфармацыю сутнасць справы?» — спытаў у прысутных Іван Эйсмант

«Канечне, змяняе. Прычым тут тады выбары?» — пагадзіўся галоўны рэдактар «Советской Белорусии» Дзмітрый Жук.

«Вы ж зразумейце, любы карупцыйны скандал і дыскрэдытацыя кагосьці з апанентаў дзеючай улады невыгадныя перадусім самой уладзе.

Прасцей кажучы, цяперашняму прэзідэнту гэта (крымінальная справа ў адносінах Белгазпрамбанка і Віктара Бабарыкі) увогуле не трэба. Але закон ёсць закон», — працягнуў ён.

«Канечне! Бо столькі шуму, Еўропа хутка падключыцца», — пагадзіўся Іван Эйсмант.

Пра тое, што справа Белгазпрамбанка — гісторыя 2016 года, удзельнікі «Клуба рэдактараў» згадалі яшчэ тройчы.

«Гэта, канечне, выбівае глебу… Мы любім факты ў нашай праграме: скрыншот, цытата, абмеркаванне, ніякіх пустых слоў, але тое, што гэта было ў 2016 годзе. Паглядзім, як СМІ адпрацуюць гэту гісторыю, ці будуць яны абмяркоўваць так глыбока, як мы робім, ці дакапаюцца да ісціны».

Ператрусы ў Белгазпромбанку, менеджарам якога доўгі час быў Віктар Бабарыка, і ў кампаніях сяброў Бабарыкі, адбыліся 11 чэрвеня. Ні пра якія прэтэнзіі да гэтых кампаній не было вядома, пакуль гэты банкір і мецэнат не заявіў пра свае прэзідэнцкія амбіцыі. Ён сышоў у адстаўку з банка ў дзень, калі заявіў пра свой намер балатавацца.

Сам Бабарыка назваў дзеянні сілавікоў і заявы Лукашэнкі ціскам на сябе.

«Уся мая дзейнасць, якая праходзіла на пасадзе кіраўніка Белгазпрамбанка цягам 20 гадоў, не выклікала заўваг з боку праваахоўных органаў, — сказаў ён 11 чэрвеня. — Мы праходзілі ўсе праверкі, у тым ліку Нацбанка. Апошняя — у студзені. Ні разу пытанняў не было. Дзеянні сённяшняга дня носяць замоўны характар», — сказаў ён.

Ён заклікаў праваахоўныя органы трымацца законнасці.

«Я чакаў ціску на мяне, і была інфармацыя, што ўдар будзе па мне. Але тое, што адбылося, паказвае, што супраць мяне нічога няма. Я гатовы да гэтага», — кажа Бабарыка.

«Увесь цынізм такіх дзеянняў у тым, што яны накіраваныя не на мяне, а накіраваныя на маіх сяброў і людзей, з якімі я працаваў, — адзначыў прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта ў сваім звароце. — Чаму гэта зроблена? Бо прамога кампрамату на мяне няма і ў іх ёсць вялікая надзея, што людзей запалохаюць, прымусяць казаць няпраўду і агаворваць другіх людзей.

Я магу з дакладнасцю заявіць, што адзінымі правільнымі паводзінамі і адказам у гэтай сітуацыі, адказам на гэтае бязмежжа з'яўляецца працяг нашай барацьбы.

Я хачу звярнуцца да ўсіх тых, хто ўжо падвергся допытам, пераследам і выклікам ва ўпаўнаважаныя органы.

Не бойцеся казаць праўду. Не кажыце хлусню, не агаворвайце сябе і іншых людзей. Калі трэба, я спадзяюся, што сумленныя людзі заўсёды акажуць вам дапамогу — як юрыдычную, так і матэрыяльную», — заявіў Бабарыка.

Атакі на Бабарыку абвастрылі танальнасць яго выступаў.

«Самая вялікая памылка ў гэтых дзеяннях улады ў тым, што той Беларусі, якая была раней і якую яны папіхалі як свой статак, больш не існуе. Беларусь прачнулася. І я хачу сказаць, што новая Беларусь змяце рэшткі гэтага старога рэжыму», — сказаў ён у відэазвароце. 

Пераслед калег Віктара Бабарыкі пачаўся, калі стала вядома, што яго ініцыятыўная група сабрала рэкордную для альтэрнатыўнага кандыдата колькасць подпісаў — 335 001 па стане на сёння.

Раней максімум — 217 тысяч — сабраў у 1994-м, яшчэ на свабодных выбарах, Зянон Пазняк. У Аляксандра Мілінкевіча ў 2006-м было 198 тысяч. У Сямёна Домаша ў 2001-м — 164 тысячы.

Чытайце: Колькі подпісаў збіралі дэмакратычныя кандыдаты на прэзідэнцкіх выбарах? Лідар — Пазняк ТАБЛІЦА

Таксама і шэраг апытанняў паказаў, што менавіта Віктар Бабарыка мог бы стаць фаварытам сумленных выбараў. 

Бабарыка спрабуе выбудаваць шырокую антылукашэнкаўскую кааліцыю з удзелам самых розных сілаў. Яго кандыдатуру падтрымала таксама нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч.

Чытайце таксама: Бабарыка запісаў відэазвароты на выпадак свайго затрымання

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0