Экс-пасол Беларусі ў Кітаі і экс-дарадца прэзідэнта Беларусі Кірыл Руды расказаў у інтэрв'ю tut.by пра тое, як Кітай хутка перамог эпідэмію.

 — Вопыт Кітая ў самых розных галінах традыцыйна вельмі запатрабаваны ў Беларусі, але з пандэміяй пытанне асаблівае. Яна ў Кітаі пачалася, досыць хутка скончылася, але пытанні засталіся. Пра заблакаваны жорсткім карантынам Ухань вядома, а што адбывалася ў Пекіне? І як на гэта рэагавалі людзі?

— Мы глядзім на Кітай праз свае стэрэатыпы. Бачым тое, што хочам убачыць. Так, Кітай не адразу зразумеў, што адбываецца. Быў першым. Але потым зарыентаваўся. Змяніўся да непазнавальнасці і перамог хутчэй і з меншымі ахвярамі. Як?

Па-першае, перадаў паўнамоцтвы на месцы.

Улады гарадоў самі прымалі рашэнні закрываць дарогу ці населены пункт на каранцін, а школы і ўніверсітэты — калі адмяняць вучобу. Калі выніку не было і колькасць тых, хто заразіўся, расла, то Пекін прымаў кадравае рашэнне і мяняў мясцовага кіраўніка.

Па-другое, грамадства самаарганізавалася. Узніклі мясцовыя дружыны, што блакавалі свае вёскі. Бізнес кінуўся па свеце закупляць маскі. Аказвалі дапамогу няўрадавыя арганізацыі, у тым ліку міжнародныя. Нават беларускі самалёт з гуманітарнай дапамогай кітайскія ўлады спачатку не ведалі, як аформіць, а груз прымала прыватная кампанія, якая адправіла яго ва Ухань.

Па-трэцяе, Кітай узброіўся ІТ. Былі мабільныя дадаткі, у якіх адзначаліся захварэлыя, іх кантакты і кожны бачыў ад каго варта дыстанцыявацца. Давалі адзін дазвол на сям'ю для аплаты праз WeChat, каб у краму ішоў толькі адзін чалавек. Сканавалі QR-коды пры ўваходзе ў будынкі, каб ведаць маршрут чалавека. Пастаянна мералі тэмпературу.

Сёння, падобна, Расея выкарыстоўвае кітайскі вопыт.

— Што з кітайскага досведу варта было б выкарыстоўваць у Беларусі?

У Кітаі падчас каранавіруса быў такі лозунг «Вер навуцы!». Пачынаецца ўсё з таго, у што мы верым. Так і ставімся, так і дзейнічаем. Такія і вынікі.

— Афіцыйнай статыстыцы па захварэлых, памерлых, пратэставаных у Кітаі вераць?

— Іншай няма. Ды і як можна чапляцца да кітайскай статыстыкі, калі спачатку і тэстаў не было, і вірус не вызначаны быў. Усё ў першы раз. Думаю, улады Кітая адразу самі дакладна не ведалі. Змагаліся з невядомасцю. Галоўнае — выжыць.

Размовы аб палітыцы, эканоміцы тады былі проста недарэчныя і бесчалавечныя. Нават цяпер кітайскія кампаніі, якія працуюць у Беларусі, штодня даюць справаздачу ў Кітай не аб сваёй выручцы, а пра тэмпературу сваіх работнікаў, прыкладаючы фатаграфіі градуснікаў.

— А наогул важна, вераць уладам ці не вераць? Урэшце, цяпер крыніц інфармацыі шмат, можна і без загаду ўладаў дыстанцыявацца, экіпіравацца, ізалявацца…

— У надзвычайных сітуацыях ўсе глядзяць на ўладу. Там уся інфармацыя, кампетэнцыя, рэсурсы. Да выступу ў СМІ Сі Цзіньпіна 20 студзеня 2020 года мы ў пасольстве праводзілі сустрэчы з дэлегацыямі з Ухані. Потым за дзень усё змянілася.

Вядома, можна без указанняў уладаў рабіць па-свойму. Але так, здаецца, будзе даўжэй, калі па вуліцах будуць іншыя хадзіць і разносіць вірус. Гэта выклік не асобнаму чалавеку, а асяроддзю пражывання, грамадству. Кітайцы аб'ядналіся і перамаглі.

— Зараз, калі многія краіны ацэньваюць маштабы падзення эканомікі, усе таксама арыентуюцца на Кітай. ВУП Кітая ў першым квартале ўпаў на 6,8%. На ваш погляд, гэта многа ці мала?

— Паўтару. У Кітаі тады і думкі не было пра выратаванне эканомікі, ратавалі людзей. Цяпер палічылі першы квартал: так — падзенне 6,8%. Але ў гадавым вымярэнні гэта азначае, што прырост скароціцца з 6,1% у мінулым годзе, да 2—3% у гэтым, а ў бліжэйшыя тры гады сярэднегадавы тэмп складзе 3—5%.

Калі ў гадавым вылічэнні ўпадуць ЗША і ЕС, то Кітай будзе выцягваць сусветную эканоміку. Таму гэта хутчэй не падзенне, а запавольванне. Пакуль кітайцы працягваюць свае рэформы і адкрываюцца, яны не ўпадуць.

— Чатыры гады за межамі краіны, гэта дастаткова, каб па прыбыцці зірнуць на радзіму новымі вачыма. Што памянялася? Норавы? Настроі?

— Камандзіроўка была меншая за чатыры гады. Адвык ад рускай мовы на вуліцах. Раней неяк не заўважаў, але цяпер рэжа слых мат на вуліцах, у тым ліку на дзіцячых пляцоўках.

У цэлым, памянялася няшмат. Хоць не — за апошні месяц змяняецца. Я ўжо тыдняў пяць, напэўна, хаджу ў медыцынскай масцы. Адразу на вуліцы няўхвальна пазіралі, у чарзе ў краме абмяркоўвалі, адзін знаёмы нават сказаў, «гэта непаліткарэктна». Зараз усе прадаўцы ў крамах у масках. На вуліцах людзі ў масках з'явіліся. Нешта ў галаве змяняецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0