Нягледзячы на тое, што эпідэмічны стан у краіне не абвешчаны, многія міністэрствы і ведамствы цішком рэалізуюць дэ-факта каранцінныя меры.

Так, Міністэрства аховы здароўя сваім загадам № 344 ад 26 сакавіка спыніла правядзення прафаглядаў у паліклініках. Прафагляды не будуць праводзіцца з 30 сакавіка да 20 красавіка. Адпаведныя абвесткі з'явіліся ва ўсіх паліклініках Беларусі.

Раней Мінскі метрапалітэн паведаміў, што колькасць пасажыраў у сакавіку паменшала на чвэрць.

Многія тэатры адмянілі спектаклі, а іншыя пачалі трансляваць іх анлайн, каб зменшыць колькасць наведнікаў у залах. Адмяніў планаваныя экскурсіі і лекцыі Нацыянальны мастацкі музей краіны. 

На «прафілактыку» на красавік зачыніўся Мінскі аквапарк — найбольшы ў краіне.

Мы назіраем рэдкі выпадак, калі многія структуры дзейнічаюць фактычна ўразрэз з заявамі Аляксандра Лукашэнкі, які некалькі разоў называў каранавірус «псіхозам».

«Я гэты каранавірус называю няйначай як псіхозам і ад гэтага ніколі не адмоўлюся, бо разам з вамі перажыў ужо многія псіхозы, і мы ведаем, да чаго гэта прыводзіла, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Я абсалютна перакананы, што мы можам больш пацярпець ад панікі, чым ад самога віруса. Вось гэта мяне больш за ўсё хвалюе».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?