20 сакавіка на лічбавых музычных пляцоўках з'явіліся ўсе альбомы гурта N.R.M., створаныя класічным складам у 1995-2007 гадах.

Калектыў быў заснаваны ў 1994 годзе на парэштках гурта «Мроя» Лявонам Вольскім (вакал, гітара), Пітам Паўлавым (гітара), Юрасём Ляўковым (бас-гітара), Алезісам Дземідовічам (бубны).

Першую сур’ёзную папулярнасць N.R.M. прынеслі альбомы «Одзірыдзідзіна» (1996) і «Пашпарт грамадзяніна N.R.M.» (1998). Статус аднаго з галоўных беларускіх гуртоў усіх часоў — альбомы «Тры чарапахі» (2000) і «Дом культуры» (2002).

У гэтым складзе музыкі стварылі шэсць студыйных альбомаў, якія ніколі не прысутнічалі на лічбавых пляцоўках, таму што ў 2010 годзе шляхі Лявона Вольскага і астатніх удзельнікаў разышліся.

А між тым попыт на запісы гурта ёсць дагэтуль. У 2019 годзе сэрвіс «Яндэкс Музыка» праводзіў у Беларусі апытанне наконт таго, якіх артыстаў найперш бракуе яго айчынным карыстальнікам. N.R.M. тады трапілі ў топ-5 разам з Rammstein, Metallica, Tool і King Crimson. Сёння на пляцоўцы з’явіўся апошні артыст з гэтай пяцёркі.

— Вельмі добра, што, нарэшце, спадчына гурта ўпарадкаваная: можна афіцыйна і зручна паслухаць песні на лічбавых пляцоўках, — напісаў Лявон Вольскі з гэтай нагоды ў сваім Facebook. — Для мяне гэтая падзея яшчэ і нагода паглядзець, наколькі гэты стары (калі не сказаць «старажытны») матэрыял запатрабаваны ў цяперашняй шырокай публікі. Ці будзе яна актыўна стрыміць гэтыя творы, ці не? Досыць цікавы тэст!

Адзіная спасылка на альбомы класічнага складу N.R.M. на пляцоўках (спіс будзе дапаўняцца).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0