Следчы камітэт пачаў крымінальныя справы па фактах несанкцыянаванага доступу да камп'ютарнай інфармацыі ўстаноў аховы здароўя, паведамляе СК у сваім тэлеграм-канале.

Зламыснікі несанкцыянавана праніклі ў паштовыя скрыні электроннай пошты РНПЦ пульманалогіі і фізіятрыі, а таксама Мінскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Пасля адкрыцця лістоў пад выглядам паведамлення аб каранавірусе запускалася шкоднасная праграма.

«Пасля атрымання доступу да іх невядомыя рассылалі паведамленні са спасылкай на шкоднаснае праграмнае забеспячэнне ў тэксце. Допісы былі падрыхтаваныя з ужываннем прыёмаў сацыяльнай інжынерыі — у іх змяшчалася не адпаведная рэчаіснасці інфармацыя, якая тычыцца распаўсюджвання каранавіруса ў Беларусі. Пасля адкрыцця наяўных у паведамленні спасылак на камп'ютар карыстальніка пад выглядам pdf-файла аўтаматычна спампоўваецца скрыпт, які запускае выкананы шкоднасны файл», — тлумачыцца ў паведамленні.

У абодвух выпадках скампраметаваныя электронныя паштовыя скрыні былі зарэгістраваныя на хостынгу tut.by.

«Па вышэйвыкладзеных фактах Цэнтральным (г. Мінска) раённым аддзелам і Мінскім раённым аддзелам распачатыя крымінальныя справы арт. 349 Крымінальнага кодэкса. Следчыя ва ўзаемадзеянні з супрацоўнікамі міліцыі праводзяць неабходныя следчыя і аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, накіраваныя на высвятленне падазраваных.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0