12 лютага двое маладых анархістаў атрымалі па 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 19-гадовых Мікіту Емельянава і Івана Комара пакаралі за кіданне лямпачак з фарбай у сцяну Мінскага гарадскога суда і кактэйль Молатава, які яны кінулі ў будынак Валадаркі (але нічога не загарэлася).
Фота Н. Бужан
Пакаранне вельмі жорсткае, улічваючы яшчэ і сумы шкоды: пафарбаваць сцяну суда каштавала каля 150 рублёў, а пачысціць дзверы Валадаркі — увогуле 1,5 рубля.
Ці будуць праваабаронцы прызнаваць анархістаў палітвязнямі?
Прысуд пракаментаваў «вясновец» Валянцін Стэфановіч:
«Безумоўна, праваабаронцы яшчэ будуць абмяркоўваць гэты прысуд.
Але вось мая асабістая пазіцыя. Выказваць пратэст у такой форме, у якой зрабілі хлопцы, — то бок, кідаць кактэйль Молатава — учынак, у якім ёсць пытанне грамадскай небяспекі.
Але ёсць таксама пытанне прапарцыйнасці пакарання за ўчынак Комара і Емельянава. 7 гадоў за тое, што яны здзейснілі, улічваючы мінімальную шкоду… Працягласць зняволення відавочна неадэкватная і непрапарцыйная злачынству.
Таму ёсць падстава казаць пра палітычна матываваны характар пераследу, які выражаецца якраз у неадэкватнасці прысуду. Ёсць падстава патрабаваць перагляду прысуду з прытрымліваннем правоў на справядлівае судовае разбіральніцтва.
Кажучы проста, яны маглі б быць пакараныя без пазбаўлення волі.
Сітуацыя з Комарам і Емельянавым падобная да гісторыі з бабруйскімі анархістамі (Васьковіч, Сырамалотаў), якія атрымалі па 8 гадоў зняволення. Тады праваабаронцы палічылі, што палітычны матыў у суворым пакаранні быў. Нешта падобнае адбылося і сёння».