Ганна Канапацкая, фота Волі Афіцэравай

Ганна Канапацкая, фота Волі Афіцэравай

Пра гэта экс-дэпутат напісала ў сваім фэйсбуку.

«Інтрыга сканчаецца. Я прыняла рашэнне — іду на праймерыз», — напісала Ганна Канапацкая.

Таксама былы дэпутат апублікавала ў сваім фэйсбуку «Асноўныя тэзісы праграмы ўдзельніка праймерыз па вылучэнні адзінага кандыдата» і просіць прысылаць заўвагі.

«Сёння перад краінай два шляхі. Адзін — шлях да вымірання і дэградацыі, самаізаляцыі і атачэння сябе колам ворагаў. Другі — шлях адзінства і згоды, развіцця і прагрэсу, дарога ў сям’ю еўрапейскіх народаў. Нам неабходна спыніць імклівае падзенне нашай краіны ў сацыяльную і эканамічную бездань, аднавіўшы тое, што ўжо страчана за чвэрць стагоддзя цяперашняй уладай», — адзначае Канапацкая.

Праграма мае назву «За дзесяцімільённую Беларусь!» і грунтуецца на базавых прынцыпах дэмакратычнай, еўрапейскай, суверэннай і сацыяльнай дзяржавы.

Раней пра ўдзел у праймерыз (сумеснай працэдуры выбару кандыдата ад часткі апазіцыі) заявілі старшыня АГП Мікалай Казлоў, сустаршыня БХД Павел Севярынец, кіраўнік Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч, намеснік старшыні партыі БНФ Аляксей Янукевіч, самавылучэнка, хрысціянская дэмакратка Вольга Кавалькова.

Пра магчымы ўдзел праз працэдуру праймерыз заявілі: прафсаюзны лідар Аляксандр Ярашук, кіраўнік партыі «Зялёныя» Дзмітрый Кучук, блогер Сяргей Ціханоўскі.

Заяўкі ад ахвотных удзельнічаць у працэдуры прымаюцца да 16 лютага. Разгляд заявак скончыцца да 3 сакавіка, пасля чаго пачнецца галасаванне ў інтэрнэце і стартуюць паездкі па рэгіёнах. Вызначыцца з кандыдатурай адзінага павінны недзе да канца вясны.

Таксама раней пра магчымы ўдзел у выбарах, але без удзелу ў праймерыз, сказалі кіраўнік «Народнай грамады», кандыдат на выбарах-2010 Мікалай Статкевіч, сустаршыня «Гавары праўду» Таццяна Караткевіч, кіраўнік БСДГ Сяргей Чэрачань, старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч і, безумоўна, Аляксандр Лукашэнка.

Самі прэзідэнцкія выбары павінны прайсці не пазней за 30 жніўня 2020 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0