Актывісты беларускай Рэспубліканскай партыі выступілі 18 студзеня з заяваю пра адхіленне ад кіраўніцтва партыяй яе кіраўнікоў. З адпаведным відэазваротам выступілі сябра Цэнтральнай управы Рэспубліканскай партыі Андрэй Бажко (на фота ў цэнтры) ды былыя кандыдаты ў дэпутаты ад палітычнай сілы Мікалай Шыбека ды Яўген Казлоўскі.

«Зараз Рэспубліканская партыя знаходзіцца ў крытычным стане. Прыхільнікі і актыў партыі дэмаралізаваныя, адсутнічае партыйная актыўнасць, новыя партыйныя структуры не ствараюцца, пад пагрозай ліквідацыі дзейныя», — заявіў Бажко.

Паводле яго словаў, партыя на чале з Уладзімірам Белазорам больш за 10 гадоў знаходзяцца ў стагнацыі. Бажко адзначыў, што кіраўніцтва партыі перашкаджае дзейнасці актывістаў, не дае далучацца новым чальцам, супрацьдзейнічае нават стварэнню сайта і адкрыццю банкаўскага рахунку. Гэтак і незарэгістраваная партыйная сімволіка, страчаныя архівы партыі.

«Дзеянні кіраўніка партыі катэгарычна непрымальныя ды супярэчаць статуту», — дадаў ён.

У сувязі з гэтым актывісты выказалі вотум недаверу Белазору ды абвесцілі сябе арганізацыйным камітэтам для склікання пазачарговага з’езда, які ўзяў на сябе правы кіраўніцтва Рэспубліканскай партыі.

«Існуючая цэнтральная ўправа лічыць распушчанай і нелегітымнай», — адзначыў Бажко.

Як вядома, сёлета ў партыю прыйшла моладзь з «Гавары праўду». Менавіта Андрэй Бажко, Яўген Казлоўскі, Мікалай Шыбека былі кандыдатамі ў дэпутаты па Мінску. Ніхто з іх не стаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, а выбарчыя камісіі напісалі ім мізэрныя лічбы. 

Сама Рэспубліканская партыя была заснаваная ў 1994 годзе, з таго часу ёй нязменна кіраваў Уладзімір Белазор. У савецкі час ён быў камсамольскім работнікам. Па развале СССР працаваў эканамістам у Дзяржкампрацы. Сёння Белазору — 71 год.

Рэспубліканскую партыю называлі праўладнай, але сёлета Белазор даў інтэрв'ю «Беларускаму партызану», дзе назваў сваю арганізацыю апазіцыйнай.

Раней партыя называла сябе цэнтрысцкай і адносіць сябе да «канструктыўнай апазіцыі». У задачах партыі — інтэграцыя Беларусі не толькі з Расіяй, але і з краінамі Захаду, а таксама выхад нашай краіны з эканамічнага крызісу. Канчатковая мэта — забеспячэнне высокага стандарту і якасці жыцця грамадзян нашай краіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0