У Мінску прайшла чарговая антыінтэграцыйная акцыя: 30-хвілінны жывы ланцуг. Нязгодных з інтэграцыяй заклікалі ўзяцца за рукі і стаць уздоўж праспекта Незалежнасці ад Кастрычніцкай плошчы да плошчы Незалежнасці. Сама акцыя атрымалася нешматлікая.
У ланцуг выстраіліся некалькі дзясяткаў чалавек. Сярод удзельнікаў — старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, першы намеснік старшыні партыі «Зялёныя» Дзмітрый Кучук, актывістка Ніна Багінская і іншыя.
Адзін з п'яных мінакоў вырашыў «павыхоўваць» удзельнікаў акцыі: «Я праваслаўны чалавек. А такіх як ты ва Украіне гвалцяць, хочаш — хадзем за кут, я пакажу як, атрымаеш шмат задавальнення».
Гэта ўжо другая за сёння акцыя супраць інтэграцыі з Расіяй. Раней актывісты правялі мітынг на Кастрычніцкай плошчы, а таксама прайшліся шэсцем да плошчы Незалежнасці.
На першай акцыі было каля 100 чалавек.