Фота Мінабароны Украіны
Урад Украіны прыняў рашэнне, якое дазволіць спрасціць працэдуры атрымання грамадзянства краіны замежнікамі, якія ваявалі на Данбасе супраць сіл г.зв. ДНР і ЛНР, піша РБК
«Мы зацвердзілі механізм атрымання імі дазволу на права жыхарства ва Украіне, што з'яўляецца першым крокам для атрымання грамадзянства», — патлумачыў прынятае рашэнне на сваёй старонцы ў твітары прэм'ер-міністр Украіны Аляксей Ганчарук.
У адпаведнасці з заканадаўствам Украіны для атрымання яе грамадзянства па звычайнай працэдуры неабходна пацвердзіць факт законнага пражывання на тэрыторыі краіны на працягу пяці гадоў.
У сярэдзіне снежня кіраўнік украінскай Дзяржаўнай міграцыйнай службы (ДМС) Максім Сакалюк паведаміў, што ўлады краіны прынялі рашэнне ўзаконіць двайное грамадзянства, бо зацікаўлены ў павелічэнні насельніцтва за кошт мігрантаў.
«Змена будзе ў тым, што мы не будзем патрабаваць выхаду з іншага грамадзянства для атрымання ўкраінскага пашпарта», — растлумачыў чыноўнік.
Гэта, аднак, не закране грамадзян Расіі, якую ва Украіне называюць краінай-агрэсарам.