Былы галоўны трэнер БАТЭ Аляксей Бага ў інтэрв'ю youtube-каналу MelkazeRaw эталонна баязліва распавёў, як ставіцца да інтэграцыі Беларусі і Расіі.

— Як ставішся да мітынгаў? Наведваеш?

— Ды не, вядома, ні ў якім разе. Бачыў спасылкі, навіны, што адбываецца. Натуральна, не наведваю. І не ўнікаю ў тое, што адбываецца, стараюся трымацца далей ад нейкіх масавых стоўпатварэнняў, як фізічна, так і галавой, не лезці ў нейкія нетры, хто за каго, і гэтак далей. Плюс хапае клопатаў дома, у мяне трое дзяцей, жонка, свой мітынг кожны дзень дома, таму дома весялей мне.

— Што думаеш пра інтэграцыю з Расеяй? Цікава тваё меркаванне як беларуса.

— Што б я ні сказаў, маё меркаванне наўрад ці на нешта паўплывае. Цікава за ўсім гэтым сачыць, але каб адказваць на такое пытанне, трэба ў нейкай меры валодаць сітуацыяй глыбей, мець больш пунктаў судакранання. Я да гэтага неабыякавы, але і не выкажу нейкае «так» ці «не». Паўтаруся, напэўна, мой адказ ні на што не паўплывае.

— Ну, давай на ўзроўні чайнікаў. Вось 31 студзеня альбо ў які-небудзь іншы дзень Беларусь становіцца рускай губерняй. Як ты да гэтага паставішся?

— Цяжка адказаць на пытанне. Па-першае, калі гэтая пстрычка адбудзецца і што гэта за сабой пацягне? Як паставіцца да гэтага, цяжка адказаць. Хоць гэта ўсё побач кружыцца, але пытанне заспела знянацку мяне. Не магу сказаць.

— Ты ж быў капітанам маладзёжкі. Ты як да гэтага ставіўся? Як да функцыі? Ці цябе гэта неяк кранала: гімн, герб…

— Вядома. Гэта было супер. І па выніку — гэты выхад на Еўропу. І кожная гульня ў адборы. Пацаны з'язджаюцца з усёй Беларусі, з розных гарадоў. І майка, і само знаходжанне ў зборнай — гэта было супер. Гэта было пачуццёва. І кубак, і герб, і гімн — ты ўсё роўна ўяўляеш ўсю краіну. Маладзёжка ж лічылася другой камандай краіны, пасля нацыянальнай. Гэта было не тое, што цябе вырвалі на два тыдні і табе проста трэба пабыць у Стайках. Гэта была сапраўды падзея.

— Але цяпер могуць здарыцца падзеі, якія тэарэтычна могуць забраць у цябе і гэтую майку, і гэтыя ўспаміны…

— Ну вось таму я хутчэй вярнуся да таго, што лепш пацанам працягваць гуляць пад гімнам, у гэтай майцы за Беларусь. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0