mlyn.by
Днём 1 снежня ў доме шматдзетнай сям'і ў вёсцы Блонь здарыўся пажар. У выніку здарэння загінула 34-гадовая гаспадыня і яе швагер. Дзве дзяўчынкі 11 і 13 гадоў атрымалі апёкі, піша Tut.by.
Самому старэйшаму ў сям'і 13 гадоў, малодшаму — год і тры месяцы. Пасля пажару чацвёра апынуліся ў Пухавіцкім раённым сацыяльна-педагагічным цэнтры, траіх з нязначнымі траўмамі шпіталізавалі ў мясцовую бальніцу.
— Сёння мы іх забярэм і таксама перадамо ў прытулак, - распавядае Алена Шастакова, намеснік начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорту і турызму Пухавіцкага райвыканкама. — Яшчэ дзве дзяўчынкі знаходзяцца ў Мінску ў апёкавым цэнтры. Туды нікога не пускаюць. Усё, што трэба ім для лячэння, мы перадалі.
Падчас пажару ў дзяцей згарэла ўсё. Але дзякуючы спагадлівасці людзей, цяпер, кажа Алена Шастакова, у хлопчыкаў і дзяўчынак ёсць усе неабходныя рэчы.
— Ім купілі і абутак, і вопратку па сезоне. Дзяўчынкам нават футры перадалі, — працягвае суразмоўца. — Калі яны былі ў бальніцы, шмат рэчаў прынеслі туды, зараз нясуць у школу.
Былі тыя, хто вырашыў дапамагчы дзеткам грашыма. За гэтыя сродкі братам і сястрычкам купілі заплечнікі і канцылярскія прыналежнасці.
Пра сям'ю суседзі кажуць - звычайная. Мама, распавядаюць, за дзецьмі глядзела. Тата — у турме. Родныя бацькі жывуць у Быхаўскім раёне. З блізкіх у Пухавіцкім раёне — бацькі мамы. Бабуля працуе ў сталовай.
Для пражывання ўнукаў дом дзядулі і бабулі не падыходзіць, таму дзецям ужо знайшлі двухпавярховы катэдж у «SOS - Дзіцячай вёсцы» ў Мар'інай Горцы. Выхоўваць іх будзе педагог.
— Катэдж знаходзіцца прыкладна ў двух кіламетрах ад аграгарадка, дзе жывуць бабуля і дзядуля, - кажа Алена Шастакова. - У любы момант родныя змогуць да іх прыязджаць, наведваць дзяцей і дапамагаць выхавальніку.
Цяпер з дзецьмі працуюць псіхолагі.
Што стала прычынай пажару пакуль высвятляецца. Адна з версій — неасцярожнае абыходжанне з агнём пры распальванні печы.