Пункт грамадскага харчавання ў райцэнтры нядоўга цешыў наведвальнікаў абноўленым інтэр'ерам. А ўсё з-за 23-гадовага вяскоўца, паведамляе віцебская абласная міліцыя.

Малады чалавек разам з траюрадным братам быў запрошаны на провады ў войска свайго знаёмага. Каля дзвюх гадзін ночы градус весялосці дасягнуў мяжы, і паміж сваякамі пачалася сварка.

Вырашаць канфлікт яны адправіліся на ганак піцейнай установы. Там лаянка скончылася тым, што адзін з удзельнікаў прыгразіў другому выклікам міліцыі. Такая перспектыва не ўзрадавала маладога чалавека і ён зайшоўся ў новым прыліве лютасці. Спаганяць зло ўдзельнік застолля пачаў на кавярні. Хуліган кулаком разбіў акно, а пасля пашкодзіў сцяну, паведамляе УУС Віцебскага аблвыканкама.

У выніку маладому чалавеку ўсё ж давялося пагутарыць з міліцыянерамі, а пасля — і са следчым. Цяпер у дачыненні да яго заведзена крымінальная справа за хуліганства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0