Маштаб, з якім патрыёты Беларусі праз візавы кардон і працоўны графік прарваліся ў Вільню, каб ушанаваць Кастуся Каліноўскага, бацьку нацыі, — маштаб гэты шакаваў усіх. Летувіска сярэдняга веку, побач з якой мы з сябрамі сядзелі ў кавярні, на ламанай расейскай так прачулена распавяла нам, у якім яны захапленні ад беларусаў, аж прасякнуліся 22 лістапада духам свабоды пачатку 90-ых. Можна колькі заўгодна спрачацца пра спадчыну Паўстання, але гэтыя дні яскрава выявілі, дзеля чаго перадусім жыў і за каго перадусім змагаўся Кастусь Каліноўскі. Можна колькі заўгодна выразаць з эфіру бел-чырвона-белыя сцягі, але ўваскрэслыя з-пад вапны героі пераконваюць нас: праўда перамагае нават тады, калі ейных носьбітаў спыняюць фізічна.

Зласліўцы Беларусі спрабуюць даказаць, што Каліноўскі паляк і паўстанне чыста польскае, хоць сам Яська гаспадар з-пад Вільні ад самага пачатку пісаў: «Ад маскаля і паноў няма чаго спадзяваціся, бо яны не вольнасці, а глуму і здзерства нашага хочуць» (Мужыцкая праўда, 1:16). Зласліўцы Каліноўскага спрабуюць даказаць, што Каліноўскі пераследаваў праваслаўных, хоць за падтрымку паўстання самі расейцы рэпрэсавалі 14 праваслаўных святароў. Ворагі Беларусі скрыгочуць, што Паўстанне было бяссэнсоўным, але ж на мапе свету няма сёння турмы народаў, але ёсць незалежныя Польшча, Летува, Беларусь, за свабоду якіх і змагаліся паўстанцы 1863—1864 гадоў.

Уявіць, што расступіцца зямля і героі Паўстання ўваскрэснуць з-пад вапны, не мог нават самы смелы патрыёт. Але Бог гэта зрабіў. І зрабіў не абы калі, а менавіта цяпер, калі на 30-ым годзе незалежнасці мы зноў разважаем пра страту незалежнасці. Зрабіў менавіта ў гэтыя дні, калі на 20-ым годзе будавання «Саюзнай дзяржавы» адміністрацыя зноў прэцца ў імперыю дзеля новай дамовы на рабства. Тое, што Каліноўскі недарабіў на зямлі ў целе, ён робіць сёння па-за целам. І разважаць над гэтай містэрыяй было б добра сёння кожнаму патрыёту. Каб упэўніцца ў сабе, каб умацавацца вераю, што Госпад не кідае нас нават у сённяшнім нашым расцярушанні.

Творца гісторыі ўваскрасіў нас з-пад вапны турмы народаў, уваскрасіў з-пад вапны імперыі зла, Ён уваскрасіць нас і з-пад вапны часовай акупацыйнай адміністрацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?