У «Нашу Ніву» звярнулася чытачка Наталля, жыхарка Савецкага раёна Мінска. Яна наракае, што праз ахоўную зону Курапатаў і вадаахоўную зону Цнянскага вадасховішча збіраюцца пракладаць электрасеткі.

«Прычым межы ахоўных зон можна абмінуць, калі разгледзець іншыя варыянты пракладкі сетак. Але замоўца настойвае на варыянце праз Курапаты, бо так танней», — абураецца Наталля.

Электрасеткі насамрэч збіраюцца весці праз ахоўную зону ў Курапатах. Але ў рэальнасці іх пракладуць уздоўж існуючай трасы Заслаўе — Калодзішчы. Курапацкі лес закранаць не плануюць.

 

«Наша Ніва» распыталася пра сітуацыю ў кіраўніка праектаў кіравання дабудаўнічай падрыхтоўкі ТАА «Астадэвелапмэнт» Анатоля Шэнглера.

«Мы разглядалі розныя варыянты. Нават думалі пракладваць сеткі праз горад. Але разбурыць дарогі, тратуары будзе больш праблематычна і куды больш затратна, чым весці сеткі па незабудаванай тэрыторыі. Да таго ж даўжыня гэтых сетак крытычная. Калі мы будзем класці іх у абыход, то магутнасці не хопіць, каб засілкаваць новыя раёны.

Што датычыцца дазволу на пракладку сетак, то мы яго атрымалі ва ўсіх 15 інстанцыях, дзе павінны былі атрымаць, у тым ліку ў Міністэрстве культуры, якое дазволіла пракладваць сеткі праз ахоўную зону ў Курапатах.

Усе неабходныя дакументы ў нас на руках, патрабаванне закона аб неабходнасці правядзення грамадскага абмеркавання мы таксама выканалі», — кажа Анатоль Шэнглер.

Грамадскае абмеркаванне адбудзецца 13 лістапада у 17:00 у будынку Бараўлянскага ДК.

Пра гэта паведамляе сайт Мінскага раённага выканаўчага камітэту.

«Мы дзейначаем па законе, таму я не ведаю, на што можа паўплываць грамадскае абмеркаванне», — прызнаецца Анатоль Шэнглер.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?