Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Ігар Барысаў прапанаваў правесці ў Палаце прадстаўнікоў Дзень адкрытых дзвярэй. Пра гэта ён паведаміў «Нашай Ніве» і прадэманстраваў сваю перапіску.
«Дзень адкрытых дзвярэй патрэбен для большага разумення таго, што ўяўляе сабой сучасны беларускі парламент, як адбываецца яго праца і ўзаемадзеянне з іншымі дзяржаўнымі органамі, як працуюць парламенцкія камісіі, фарміруюцца палітычныя фракцыі, распрацоўваюцца, абмяркоўваюцца і прымаюцца законы, які графік у дэпутатаў, як адбываецца праца на іх выбарчых акругах, якія кошты ў сталовай і які рамонт у дэпутацкіх кабінетах, — напісаў ён у сваім звароце, —
Мне давялося некалькі разоў бываць у парламентах Літвы, Нарвегіі і Швецыі, аднак далей хола беларускага парламента патрапіць не атрымалася.
Большая адкрытасць парламента будзе станоўча ацэнена не толькі патэнцыйнымі кандыдатамі ў дэпутаты, аднак журналістамі і прадстаўнікамі міжнароднай супольнасці».
Аднак у Палаце прадстаўнікоў ідэю не ацанілі.
«Указаная Вамі форма дзейнасці заканадаўствам не прадугледжана», — адказаў апазіцыянеру старшыня Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве Леанід Цупрык.
Ён запэўніў, што дэпутаты і так праводзяць інфармацыйныя сустрэчы з арганізаванымі групамі навучэнцаў, студэнтаў і працоўнымі калектывамі.