Амерыканскія навукоўцы стварылі двухбаковы пластыр, які здольны склейваць хірургічныя раны літаральна за некалькі секунд. Ідэю вынаходкі даследчыкі запазычылі ў павукоў, «клей» якіх дазваляе лавіць насякомых нават у дажджлівае надвор'е, паколькі павуціна абсарбуе ваду, піша BBC.

Студэнты Масачусецкага тэхналагічнага інстытута (MIT) паспрабавалі стварыць падобны матэрыял. Высветлілася, што ён выдатна склейвае скуру і лёгачную тканку свіней — а значыць, яго можна выкарыстоўваць у хірургіі і ў будучыні ён, магчыма, дазволіць адмовіцца ад неабходнасці накладання швоў.

Закрываць пасляаперацыйныя раны надзвычай складана, паколькі краі рассечанай тканкі цяжка звесці разам досыць шчыльна з-за крывацёку і вадкасцяў.

Накладанне швоў не заўсёды эфектыўна спраўляецца з гэтай задачай, а дрэнна закрытая рана пагражае заражэннем і можа быць вельмі балючай для пацыента.

Існуючыя на сёння рэчывы для закрыцця ран дубянеюць толькі праз некалькі хвілін пасля нанясення, а за гэты час клей можа пратачыцца глыбей у арганізм, закрануўшы іншыя органы.

Навукоўцы выкарысталі паліакрылавую кіслату — яны нанеслі яе на абодва бакі пластыру, каб той мог хутка ўвабраць вадкасць па краях раны, злучыўшы іх як мага больш шчыльна.

Калі дадаць у склад пластыру жэлацін ці хітазан, той можа захоўваць сваю форму на працягу некалькіх дзён і нават тыдняў, сцвярджаюць навукоўцы.

Новы пластыр ужо быў выпрабаваць на розных органах пацукоў і свіней — у тым ліку на тканках тонкай кішкі, страўніка, печані і скуры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0