Прэс-сакратарка ў замежных справах і палітыцы бяспекі Еўрасаюза Мая Качыянчыч апублікавала заяву адносна чарговага смяротнага прысуду ў Беларусі, перадае Радыё Свабода.

Еўрасаюз, піша Мая Качыянчыч, выказвае шчырыя спачуванні ўсім, хто пацярпеў ад злачынства, але выступае супраць найвышэйшай меры пакарання пры любых абставінах.

«Найвышэйшая мера пакарання — гэта негуманнае і неэфэктыўнае пакаранне, якое не дзейнічае як стрымліваючы фактар, — тлумачыць яна. — Мараторый на расстрэлы ў Беларусі стане станоўчым першым крокам да скасавання смяротнага пакарання ў краіне.

Такім чынам Беларусь далучыцца да ўсё большай колькасці краінаў, якія выкаранілі смяротнае пакаранне альбо ў законе, альбо фактычна, а за апошнія 10 гадоў у 160 краінах свету не было расстрэлаў». 

Нагадаем, паводле рашэння Брэсцкага абласнога суда, прынятага 25 кастрычніка, забойца васьмімесячнай дзяўчынкі ў Лунінцы быў прысуджаны да расстрэлу. 

Трагедыя адбылася ў раённым цэнтры год таму. Увечары 27 кастрычніка 2018 года бацька дзяўчынкі вярнуўся дадому і знайшоў труп дачкі. У гэты час у кватэры знаходзіліся 25-гадовая маці дзіцяці Наталля і яе 47-гадовы знаёмы Віктар. Абое былі п'яныя. Экспертыза выявіла ў маці 1,6 праміле этылавага спірту ў крыві, у мужчыны — 1,2.

Цела дзяўчынкі было без галавы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0