Актывісты фонда «Młode Kresy», зарэгістраванага ў Польшчы, 5 кастрычніка з польскага боку мяжы ў Кузніцы агітавалі беларускіх грамадзян, якія стаялі ў чарзе ў пункт пропуску, запісвацца ў перапісе насельніцтва палякамі, паведамляе Hrodna.life са спасылкай на kresy.pl.

Актывісты раздавалі ўлёткі з інфармацыяй аб перапісе і заклікамі заявіць у час перапісу пра сваю польскую нацыянальнасць. Сваю акцыю яны назвалі «Pamiętam kim jestem» («Памятаю хто я»).

«Калі яны ў нейкай ступені адчуваюць сябе палякамі, то няхай запішуцца палякамі», — сказала журналістам TVP Białystok актывістка фонда «Młode Kresy» Эвэліна Падгорна, якая сама родам са Львова.

На гэтым тыдні актывісты плануюць таксама раздаваць улёткі на адным з літоўска-беларускіх пунктаў пропуску.

Да пачатку перапісу актывісты расклейвалі ў беларускіх рэгіёнах, дзе жыве вялікая польская нацыянальнай меншасць, налепкі і плакаты падобнага зместу. Агітацыйныя матэрыялы з’явіліся ў Гродне, Лідзе, Шчучыне, Ваўкавыску, Воранаве і Іўе. Крытыку ў інтэрнэце выклікала налепка з Канстанцінам Каліноўскім на «Карце паляка» і подпісам «Я паляк».

Фонд «Młode Kresy» зарэгістраваны ў Польшчы. Яго стварыла ў 2017 годзе моладзь, якая прыехала туды вучыцца з Беларусі, Літвы і Украіны.

Старшыня фонду Міраслаў Капцэвіч кажа, што з’ехаў з Беларусі ў Польшчу з-за пераследу з боку міліцыі і КДБ, якім не падабалася яго грамадская дзейнасць.

«Мы хочам, каб польскасць у Беларусі жыла, мы хочам размаўляць на роднай мове, ведаць сваю культуру, сваю традыцыю. Калі нас будзе ўсё менш, то ўжо не будзе ані мовы, ані культуры», — патлумачыў Міраслаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?