27 жніўня ў вёсцы Цясова, што ў Салігорскім раёне, трагічна загінула жанчына, 43-гадовая Наталля К. Следчы камітэт паведаміў, што затрымалі маладога мужчыну, якога падазраюць у забойстве Наталлі.
Наталля К. — жыхарка Цясова. Па словах мясцовых жыхароў, выпівала, нідзе не працавала. Нядаўна, расказваюць вяскоўцы, пасадзілі яе сужыцеля.
У ноч 27 жніўня Наталля прыйшла ў дом да свайго знаёмага, 36-гадовага Сяргея Д.
Сяргей Д.
«Яна яго добра ведала. Сяргей раней калісьці з яе братам сябраваў, але той брат сабе нож у горла засадзіў, калі быў п’яны», — распавяла Валянціна Д., маці Сяргея.
Сяргей быў ураджэнцам Цясова, але жыў у Салігорску. Мужчына жанаты, мае дзіця. У Салігорску жылі і бацькі Сяргея: Валянціна і Мікалай. Але яны на лета прыехалі ў вясковую хату. Пазней Сяргей прабіў на працы нагу і адпрасіўся пабыць дома пару дзён. З нагоды нечаканых выходных ён таксама завітаў у Цясова.
Ноччу 27 жніўня Сяргей быў дома. Трохі нападпітку, прызнае яго маці, бо «ў яго сябра сынок нарадзіўся, адзначалі».
У хату пагрукалася Наталля. Што яна хацела, маці Сяргея сказаць не можа: кажа, што жанчына была п’яная.
«Пасля я пабачыла, што яна ўжо гарыць. Хутка ўсё было. Я пабегла па ваду, але не паспела», — кажа маці Сяргея.
Па яе словах, міліцыю выклікаў сам Сяргей. Праваахоўнікі забралі яго да высвятлення абставінаў.
Маці Сяргея ўпэўненая, што іх начная госця загарэлася сама.
«Можа, цыгарэты, можа, яшчэ што», — кажа жанчына.
Сяргей пакуль што пад вартай. Наталлю ўжо пахавалі.
«На месцы здарэння следчымі выяўленая бутэлька з рэшткамі гаручай вадкасці. Па падазрэнні ў забойстве, якое здзейсненае з асаблівай жорсткасцю, супрацоўнікамі міліцыі затрыманы 36-гадовы гаспадар дома, які працуе газаэлектразваршчыкам, — паведаміў Следчы камітэт, — Следчыя працягваюць допыты сведак і затрыманага. Наконт канфіскаваных рэчыўных доказаў прызначаны экспертызы. Расследаванне працягваецца».