У «Нашу Ніву» паступіў ананімны зварот нібыта ад супрацоўнікаў Акадэміі кіравання пры прэзідэнце.

Сцвярджалася там наступнае: «Інтэрнат па Шчорса, 5 не прайшоў праверку на навучальны год. Усіх студэнтаў перасяляюць на Карла Маркса. А на Маркса ў асноўным жывуць часовыя слухачы завочкі і, галоўнае, сем'і работнікаў акадэміі: выкладчыкі, лабаранты і гэтак далей. Дык вось, іх сем'і Генадзь Пальчык [рэктар Акадэміі кіравання] высяляе з інтэрната», — пісалі ананімы ў звароце.

«Наша Ніва» стала разбірацца. «Я сам пражыў у інтэрнатах 13 гадоў!» — адказаў нам рэктар Акадэміі кіравання Генадзь Пальчык. А што да прэтэнзій у ананімцы на нібыта непрымальны стан жытла, ён прапанаваў журналістам прыехаць і на свае вочы паглядзець. 

«Літаральна гадзіну таму ў нас скончылася нарада па тэме забяспечанасці жыллём, — расказаў рэктар. — Вырашана засяліць у інтэрнаты 100% студэнтаў, якія заявілі патрэбу, нават тых, да каго летась меў заўвагі. Можа, педагагічна гэта неяк няправільна — гучалі такія думкі, — што трэба пакінуць стымул. Але вырашылі засяліць усіх».

У Акадэміі кіравання некалькі інтэрнатаў, і той, што на Шчорса, вырашылі цалкам аддаць студэнтам. Дагэтуль там жылі і некаторыя супрацоўнікі акадэміі. Вось іх і перасяляюць у цэнтр горада, на Карла Маркса.

«Падобныя ж скаргі прыходзілі ўжо і ў іншыя ўстановы. Але па-нашаму, гэта пытанне асабістай зацікаўленасці, — сказаў нам рэктар акадэміі. — Некаторыя нашы супрацоўнікі на Шчорса пражывалі ў пакоях па адным. Але калі два хлопцы ці дзве дзяўчыны, чаму б ім не жыць разам? Бо калі два чалавекі жывуць па адным, значыцца, два месцы зніклі. Як толькі ўступяць у шлюб, то мы гарантавана даём асобны пакой, калі ёсць дзеці — блок. Гэта проста працоўныя моманты, усё ў рамках адпаведных пастановаў. Усе супрацоўнікі з тых, хто мае патрэбу, запяспечаны інтэрнатам», — запэўніў Пальчык. 

Вось як выглядае інтэрнат для студэнтаў Акадэміі кіравання на Шчорса, 5. 

Жыць у ім будуць 200 студэнтаў. Некаторыя — памочнікі прыёмнай камісіі, пара замежнікаў — жывуць там і цяпер. 

Вось так знутры выглядае пакой: 

А так — кухня: 

Супрацоўнікі інтэрната патлумачылі «Нашай Ніве», што канчаткова яны гэты «пашпарт гатоўнасці» яшчэ не атрымалі, але і гаварыць пра нейкі незадавальняючы стан, маўляў, не выпадае. 

«Санстанцыю прайшлі, пажарную інспекцыю прайшлі. Цяпер яшчэ з камітэта па архітэктуры мусяць прыехаць дакументы ўжо ў адміністрацыі раёна, усё нармальна, у нас праблем няма», — кажуць яны. 

З бонусаў — побач з інтэрнатам яшчэ і вялікі спартыўны комплекс акадэміі з басейнам, заламі для фітнэсу, аэробікі і гэтак далей. 

Для цікавасці мы заехалі таксама і на Карла Маркса, дзе будуць жыць супрацоўнікі, а таксама слухачы Інстытута дзяржаўнага кіравання — завочнікі. 

Пакоі там выглядаюць вось так: 

Клас
1
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?