У судзе Маскоўскага раёна Мінска 1 жніўня завяршыўся разгляд пазову ГУУС да заяўнікаў акцыі Дзень Волі ў Кіеўскім скверы — Юрыя Губарэвіча, Вольгі Кавальковай, Мікалая Казлова і Ігара Барысава, паведамляе spring96.org.
Віталь Рымашэўскі і Ігар Барысаў у судзе 1 жніўня 2019 года.
У 14:00 суддзя абвясціла вынік: у задавальненні пазову Барысава і іншых арганізатараў Дня волі аб адмене дамовы з міліцыяй адмоўлена, іскавыя патрабаванні ГУУС Мінгарвыканкама задаволены ў поўным аб'ёме. За аказанне паслуг па ахове правапарадку ведамству павінны заплаціць 8 тысяч 13 рублёў.
Раней арганізатары Дня волі ў Мінску звярнуліся ў суд з заявай да Галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінгарвыканкама для скасавання дагавора на аказанне паслуг па ахове правапарадку падчас мітынгу і канцэрта 24 сакавіка 2019 года.
У ім пазоўнікі адзначалі, што падчас свята беспадстаўна былі затрыманыя як мінімум два актывісты — Зміцер Дашкевіч і Віталь Рымашэўскі. Акрамя таго, супрацоўнікі міліцыі забаранялі пад пагрозай затрымання ўдзельнікам мерапрыемства пакідаць пляцоўку з бел-чырвона-белымі сцягамі, чым псавалі настрой людзям. Тым самым, лічаць заяўнікі, міліцыя не выканала сваіх абавязацельстваў па ахове правапарадку падчас масавага мерапрыемства.