Будучы прэм'ер: 41-гадовая Кая Калас. Што праўда, як папярэдні Юры Ратас стаў прэм'ерам у 38 гадоў, а Тайві Рывас, экс-кіраўнік цэнтрыстаў, наогул у 34 гады. Фота: Raul Mee, Postimees

Будучы прэм'ер: 41-гадовая Кая Калас. Што праўда, як папярэдні Юры Ратас стаў прэм'ерам у 38 гадоў, а Тайві Рывас, экс-кіраўнік цэнтрыстаў, наогул у 34 гады. Фота: Raul Mee, Postimees

Права-ліберальная апазіцыйная Партыя рэформаў Эстоніі атрымала перамогу на парламенцкіх выбарах у краіне, якія прайшлі ў мінулую нядзелю.

Партыя рэформаў атрымала 34 мандаты ў эстонскім парламенце, павялічыўшы сваю прысутнасць на чатыры мандаты. Гэта найлепшы вынік у гісторыі партыі, створанай у 1994 годзе. Да гэтага яе максімум быў у 2011 годзе — 33 мандаты.

Кіроўная Цэнтрысцкая партыя атрымлівае 26 мандатаў, на адзін менш, чым было раней. Яшчэ адна апазіцыйная партыя — Кансерватыўная народная партыя (EKRE) — значна ўмацавала свае пазіцыі ў парламенце, атрымаўшы 19 мандатаў, на 12 больш, чым раней. Аслабіла свае пазіцыі і іншая кіруючая партыя — Isamаa (Айчына), у яе зараз 12 мандатаў (мінус два), у Сацыял-дэмакратычнай партыі — 10 мандатаў (мінус пяць).

Кіраўнік Цэнтрысцкай партыі і прэм'ер Эстоніі Юры Ратас прызнаў перамогу Партыі рэформаў на выбарах.

Ён заявіў, што трэба ўмець прайграваць, паколькі пройгрышы нараджаюць перамогі.

«Я абяцаю, што буду працаваць над тым, каб Цэнтрысцкая партыя была ў наступнай кааліцыі», — прыводзіць яго словы Delfi.

Лідар Партыі рэформаў Кая Калас сказала, што за іх перамогай стаіць моцная каманда і камандная праца. Яна адзначыла, што падатковая палітыка цяперашняга ўрада ў многіх людзей выклікала негатыў, што таксама адбілася на выніках. Тое, як будуць размеркаваны міністэрскія партфелі, партыя яшчэ не абмяркоўвала, удакладніла яна.

Партыя рэформаў і Цэнтрысцкая партыя выключылі магчымасць стварэння кааліцыі разам з EKRE, заявіўшы, што папулістам няма месца ва ўрадзе Эстоніі. Старшыня EKRE Март Хельме заявіў, што не супраць гэтай ідэі.

Кая Калас назвала два варыянты будучай кааліцыі: удваіх кіраваць лягчэй, чым ўтрох, але пры фарміраванні кааліцыі нельга кіравацца толькі матэматыкай.

Каі Калас — 41 год. Ейны бацька — вядомы эстонскі палітык Сійм Калас, які ў 1994 г. заснаваў Партыі рэформаў, а ў 2002—2003 гг. быў прэм'ерам. Прадзед Эдуард Альвер — першы начальнік паліцыі Эстонскай Рэспублікі.

Паводле адукацыі яна юрыст, працавала адвакатам, скончыла таксама Эстонскую школу бізнэсу, некаторы час працавала памочнікам рэжысёра. Дэпутат парламента з 2011 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?