Паспяваючым студэнтам і навучэнцам ССНУ будуць прадастаўляцца скідкі пры плаце за навучанне. Такое рашэнне змяшчаецца ў пастанове Савета Міністраў Беларусі нумар 665.

Як расказаў у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Жук, гэты дакумент распрацаваны ў адпаведнасці з указам кіраўніка дзяржавы і рэгулюе парадак прадастаўлення скідак са сфарміраванага кошту навучання студэнтаў і навучэнцаў дзяржаўных ВНУ і ССНУ, а таксама памеры гэтых скідак незалежна ад ведамаснай падпарадкаванасці гэтых устаноў.

Скідкі прадастаўляюцца студэнтам і навучэнцам, якія дасягнулі высокіх паказчыкаў у навучальна-пазнавальнай, навукова-даследчай дзейнасці і грамадскай рабоце. Права на льготу маюць таксама члены малазабяспечаных сем'яў, дзеці-сіроты, дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, і асобы ва ўзросце ад 18 да 23 гадоў, якія страцілі апошняга з бацькоў у перыяд навучання.

Аляксандр Жук адзначыў, што высокія паказчыкі навучальна-пазнавальнай дзейнасці - гэта наяўнасць па выніках навучальнага года не менш за 50 працэнтаў адзнак дзесяць і дзевяць балаў, а астатнія адзнакі - не ніжэй за шэсць балаў. Высокімі паказчыкамі ў навукова-даследчай дзейнасці з'яўляюцца выкананне заданняў і курсавых работ, розных праектаў з элементамі навуковых даследаванняў, удзел у рабоце студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый і гурткоў, наяўнасць навуковых публікацый.

Паводле слоў першага намесніка міністра, грамадская работа павінна ажыццяўляцца ў свабодны час і на добраахвотных пачатках. Высокімі паказчыкамі грамадскай работы студэнтаў і навучэнцаў лічыцца ўдзел у рабоце органаў самакіравання ўстановы адукацыі, у арганізацыі і правядзенні грамадска значных мерапрыемстваў, акцый, шэфства над ветэранамі вайны і працы, удзел у спартыўных спаборніцтвах, у арганізацыі і падрыхтоўцы культурна-масавых мерапрыемстваў, заняткі мастацкай і тэхнічнай творчасцю, шэфства над цяжкімі падлеткамі, удзел у валанцёрскім, будатрадаўскім руху і грамадска карыснай працы.

Памер скідак залежыць ад сярэдняга бала паспяваючых студэнтаў і навучэнцаў па выніках здачы за навучальны год усіх іспытаў, праектаў, усіх відаў практык. Ён не можа перавышаць 60 працэнтаў ад сфарміраванага кошту навучання на год. Пры вызначэнні сярэдняга бала не ўлічваюцца адзнакі па факультатыўных дысцыплінах, дысцыплінах для набыцця другой спецыяльнасці і для атрымання акадэмічнай ступені бакалаўра або магістра.

Студэнты і навучэнцы, якія прэтэндуюць на скідкі ў наступным навучальным годзе, павінны падаць пісьмовую заяву ў камісію да 20 жніўня. На падставе пададзеных заяў на працягу 5 дзён будуць падрыхтаваны спісы. Камісія абавязана прыняць рашэнне аб прадастаўленні скідак студэнтам і навучэнцам не пазней за 1 верасня.

Аляксандр Жук расказаў таксама, што скідкі прадастаўляюцца з другога курса навучання тэрмінам на адзін навучальны год. Студэнты і навучэнцы, якія маюць акадэмічную запазычанасць, права на льготу не маюць. Камісія можа пазбавіць скідкі ў выпадку атрымання нездавальняючых адзнак у час экзаменацыйнай сесіі або парушэння правіл унутранага распарадку і грамадскага парадку.

Шкала памераў скідак студэнтам і навучэнцам, якія дасягнулі высокіх паказчыкаў у навучальна-пазнавальнай, навукова-даследчай дзейнасці і грамадскай працы, выглядае прыкладна так: калі сярэдні бал паспяховасці ад 7,46 да 8,25, то памер скідкі складае - 20 працэнтаў, ад 8,25 да 9,0 - 40 працэнтаў, а больш за 9,0 - 60 працэнтаў, удакладніў Аляксандр Жук.

БЕЛТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0