У патрыятычным моладзевым лагеры ў Злаціборы дзяцей і падлеткаў вучылі выжыванню ў прыродных умовах, правілам вядзення бою, выкарыстанню зброі і выбухоўкі, піша DW.

Расійска-сербскі патрыятычны моладзевы лагер у Злаціборы на паўднёвым захадзе Сербіі распусцілі праз боязь грамадскасці. Пра гэта ў пятніцу, 17 жніўня, заявіў у Бялградзе міністр унутраных спраў Сербіі Небойша Стэфанавіч.

Паводле яго слоў, крытыкі ініцыятывы выказвалі меркаванне, што «дзеці могуць быць выкарыстаны ў карыслівых мэтах».

Як перадавалі раней расійскія СМІ, у якасці інструктараў у лагеры працавалі прадстаўнікі сербскіх і расійскіх ветэранскіх і патрыятычных аб'яднанняў. Паводле даных інфармагенцтваў, сярод іх былі ўдзельнікі баёў на ўсходзе Украіны.

Падлеткі і моладзь ва ўзросце ад 14 да 23 гадоў навучаліся выжыванню ў прыродных умовах, аказанню першай дапамогі, правілам вядзення бою: як правільна паводзіць сябе падчас баёў, як страляць з агнястрэльнай зброі, выкарыстоўваць выбухоўку і абараняць сябе халоднай зброяй.

Прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч сказаў, што вайсковыя вучэнні дзяцей — гэта «не Сербія будучыні» і што дзяржава не будзе цярпець такіх дзеянняў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0