Абаронцы Курапатаў наведалі 31 мая Мінаблвыканкам і Міністэрства культуры, куды перадалі пэтыцыі супраць адкрыцьця рэстарацыі «Паедзем, паядзім» у 50 мэтрах ад Курапацкага мэмарыялу. Пра гэта Радыё Свабода паведаміла актывіста Ганна Шапуцька.
У Менаблвыканкаме з актывістамі сустрэлася намесьніца ўпраўленьня гандлю Ірына Івановіч, якая сказала, што «на 99,9% 1 чэрвеня адкрыцьця рэстарацыі не будзе».
«Прадстаўніца ўпраўленьня гандлю сказала, што пасьля рэзанансу ў СМІ адбылася нарада з удзелам старшыні аблвыканкама, на якой было вырашана ў гэты дзень рэстарацыю не адкрываць, — распавяла Тацяна Шапуцька. — Але ж яна сказала, што згодна з дэкрэтам № 7 адбываецца ўсё вельмі хутка. То бок, калі яны там ужо зарэгістраваныя, то могуць падаць заяву ў Менрайвыканкам і хоць на наступны дзень адкрывацца».
Паводле Шапуцькі, у Міністэрстве культуры сказалі, што ўжо ня маюць дачыненьня да гэтага забаўляльнага комплексу, а прэтэнзій па зонах аховы ў іх няма.