Міністр культуры РБ Юрый Бондар правёў у Брэсце выязны прыём грамадзян. Сярод прысутных апынулася дырэктар музея гісторыі горада Брэст Святлана Тамчук.

Як піша «Вячэрні Брэст», Святлана Тамчук папрасіла міністра даць адмашку на перайменаванне вуліцы Халтурына. Падстава: у гістарычным цэнтры Брэста да гэтага часу знаходзіцца вуліца, названая імем тэрарыста, жыццё і «дзейнасць» якога ніяк не звязаная з горадам. Пазней яна прызналася журналістам, што многія госці задаюцца пытаннем, чаму ў Брэсце да гэтага часу вуліца носіць імя чалавека, ад памяці якога адмовіліся нават у яго на радзіме ў Расіі. У вёсцы, дзе нарадзіўся Сцяпан Халтурын, агульным рашэннем жыхароў былі знесены бюст, пастаўлены ў савецкі час «герою».

— Цікава, што людзі, якія жывуць на вуліцах, якія падпадаюць пад перайменаванне, не заўсёды ўспрымаюць гэты працэс пазітыўна, — акуратна рэзюмаваў Юрый Бондар. — Я лічу, што пытанне перайменавання вуліцы павінна шырока абмяркоўвацца грамадскасцю. Няма нічога немагчымага, калі гэта адпавядае чаканням берасцейцаў. Будзем дзейнічаць цывілізаванымі метадамі: трэба пачаць грамадскае абмеркаванне па факце перайменавання вуліцы і распрацаваць умовы конкурсу на найлепшую новую назву. Найлепшую назву хай таксама вызначаюць гараджане. А пераможца конкурсу атрымае прыз — ад міністра культуры Беларусі.

Даведка

Халтурын Сцяпан Мікалаевіч (1856, в Верхнія Жураўлі Вяцкай губерні — 1882, Адэса). У 1878 годзе разам з В. П. Абнорскім стаў арганізатарам і кіраўніком «Паўночнага саюза рускіх рабочых». Разгром гэтай арганізацыі ў 1879 і адсутнасць магчымасцяў для легальнай барацьбы падштурхнулі Халтурына да тэрарыстычнай дзейнасці «Народнай волі». У 1880 ім быў ажыццёўлены выбух у Зімовым палацы, калі толькі выпадковасць выратавала Аляксандра II. У 1882 годзе ўдзельнічаў у забойстве пракурора В. С. Стрэльнікава, быў арыштаваны і пакараны неапазнаным.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0