11 красавіка Гомельскі абласны суд прызнаў жыхара Мазыра Андрэя Рабешку вінаватым і пакараў яго 18 гадамі зьняволеньня: 17 гадоў за спробу забойства міліцыянтаў пры выкананьні імі службовых абавязкаў, а таксама 1 год зьняволеньня за крадзеж зварачнага апарата і мыйкі высокага ціску, піша Радыё Свабода.

«Прысуд нельга лічыць аб’ектыўным і справядлівым ні з пункту гледжаньня кваліфікацыі дзеяньняў майго падабароннага, ні з гледзішча ацэнкі здабытых фактаў і паказаньняў сьведак. Будзем падаваць апэляцыю», — заявіла Свабодзе адвакатка Рабешкі Кацярына Змушка.

У судзе адвакатка выказвалася за апраўданьне Андрэя Рабешкі, які, па сутнасьці, абараняў сябе і сваю грамадзянскую жонку.

«Мела месца самаабарона, нават не перавышэньне яе, а менавіта неабходная самаабарона», — перакананая адвакат Змушка.

Пра гэта заяўляў, выступаючы ў судзе з апошнім словам, і абвінавачаны Рабешка:

«Ня я прыйшоў ноччу да міліцыянтаў, ня я чакаў іх на двары, схаваўшыся, каб мяне не было відаць і каб потым напасьці і пазбавіць іх жыцьця. Наадварот, гэта зрабілі цяперашнія пацярпелыя. Яны напалі на мяне. Я ўсяго толькі абараняў сябе, сваё жыцьцё і жыцьцё маёй любай жонкі. Я зрабіў так, як зрабіў бы сапраўдны мужчына».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?