11 красавіка ў Магілёве пачаўся новы працэс над Уладзіславам Казакевічам. Хлопец напаў з нажом на ахоўнікаў у калоніі, а пасля паведаміў следчым, што планаваў забіць начальніка — нібыта адпомсціць за шматлікія пакаранні.

Нагадаем, летась Казакевіч атрымаў 15 гадоў зняволення — максімальна магчымае для яго пакаранне. У кастрычніку 2016 года, калі хлопец прыйшоў з бензапілой у мінскі гандлёвы цэнтр «Новая Еўропа» і забіў там жанчыну, яму яшчэ не споўнілася 18 гадоў. Таму прысудзіць Казакевічу найвышэйшую меру ці пажыццёвае суд не мог.

Цяпер Уладзіслава абвінавачваюць у замаху на забойства супрацоўнікаў шклоўскай калоніі №17. У кастрычніку 2017 года ў камеры хлопца знайшлі нож, якім ён адразу паспрабаваў забіць ахоўнікаў. Аднаго параніў, але мужчына выжыў.

Экспертыза — гэтак жа, як і пасля разні ў Мінску, — вырашыла, што хлопец адэкватны і адказвае за свае дзеянні.

Цяпер Уладзіслаў ізноў на лаве падсудных. 

Ён адварочваецца ад фотакамер, але трымаецца так жа ўпэўнена, як і год таму.

На працэс з Мінска прыехаў бацька хлопца разам з трыма адвакатамі. Маці Уладзіслава, якая жыве ў Германіі, не прыехала.

На працэс з Мінска прыехаў бацька хлопца разам з трыма адвакатамі. Маці Уладзіслава, якая жыве ў Германіі, не прыехала.

Пацярпелымі па справе праходзяць трое супрацоўнікаў шклоўскай калоніі. Гэта начальнік Сяргей Петраковіч, яго намеснік Аляксей Маскалёў і кантралёр Аляксей Кузан. Гэта Маскалёва хлопец спрабаваў парэзаць, а Кузана — некалькі разоў параніў нажом, а Петраковіча рыхтаваўся забіць.

Абараняюць Казакевіча трое адвакатаў: Таццяна Савіцкая, Уладзімір Сташкевіч і Аляксандр Галіеў. Адразу на пачатку пасяджэння адвакаты заявілі хадайніцтва правесці новую псіхічную экспертызу Уладзіслава. У гэты раз — іншымі экспертамі, якія працавалі ў цэнтры псіхічнага здароўя, дзе раней стаяў на ўліку хлопец.

Суддзя Сяргей Каралёў вырашыў далучыць хадайніцтва да справы, але лёс яго вырашыць пазней.

Пракурор Андрэй Кавалёў зачытаў версію абвінавачвання.

Згодна з ёй, Уладзіслаў атрымаў нож у штрафным ізалятары ад некага Селюжыцкага — іншага асуджанага. Пры вобшуках «хаваў у цяжкадаступных месцах» — хутчэй за ўсё, у кнізе.

Планаваў, калі яго выклічуць да Петраковіча, каб той зачытаў чарговую пастанову аб дысцыплінарным пакаранні, кінуцца на начальніка калоніі і зарэзаць таго.

Але ж Казакевіча ўсё не выклікалі да начальніка. А пасля знайшлі нож.

Прычым пра тое, што Казакевіч «меў заточку», паведаміў начальству той жа Селюжыцкі, які перадаў нож хлопцу.

Тады вырашылі правесці вобшук у камеры Казакевіча. Туды накіраваліся намеснік начальніка калоніі Маскалёў і кантралёр Кузан.

Калі нож заўважылі, Уладзіслаў кінуўся на супрацоўнікаў калоніі.

Паспрабаваў ударыць Маскалёва нажом у галаву.Той адбіўся — два разы ўдарыў хлопца нагой. Кузан утрымліваў хлопца, той спрабаваў выкруціцца, яны ўпалі на падлогу, і Казакевіч ударыў мужчыну нажом у галаву — але ж рэзаныя раны прызналі лёгкімі. Уладзіслава скруцілі супрацоўнікі калоніі.

Пасля выступу пракурора адвакаты папрасілі спачатку задаволіць іх хадайніцтва, высветліць псіхічны стан Казакевіча і толькі пасля выслухаць паказанні абвінавачванага. Суддзя вырашыў адмовіць і ў першую чаргу выслухаць Казакевіча. Але Уладзіслаў не стаў паўтараць гісторыю на судзе па разні ў «Новай Еўропе», калі ён расказваў, як шкадуе, што не забіў больш народу. Цяпер хлопец адмовіўся даваць паказанні.

Тады зачыталі пісьмовыя матэрыялы: паказанні, якія Казакевіч даў у дзень, калі кідаўся з нажом на супрацоўнікаў калоніі. У іх хлопец кажа: планаваў забіць Петраковіча, «бо да яго найбольшая непрыязнь з усіх супрацоўнікаў».

Нож, па словах Казакевіча, быў у яго ў рукаве. Знайшлі металашукальнікам. Тады хлопец выхапіў нож і кінуўся на намесніка начальніка калоніі, каб забіць таго.

Пасля суддзя зачытаў дыялог следчага і Казакевіча.

 «А чаго вы вырашылі забіць Маскалёва?» — спытаў следчы.

«А чаго не, — адказаў Казакевіч. — Ну да яго найбольшая непрыязнь была, як і да начальніка».

«А чаму, як узнікла?»

«Па качану. Узнікла і ўзнікла, — сказаў хлопец. — Знайшлі нож і што мне яго аддаваць проста? Трэба было дзейнічаць».

Затым следчы спытаў, чаму Казакевіч ударыў нажом кантралёра Кузана.

«Ну, я не супраць кантралёраў парэзаць, а чаго не?» — адказаў той.

Следчы пацікавіўся, што стала з нажом пасля ўдару ў галаву кантралёру.

«Нож пагнуўся, напэўна. Няякасны нож», — паведаміў Уладзіслаў.

«А чаму вы ўзялі няякасны нож?»

«Ну што вы думаеце, шырокі выбар нажоў у штрафным ізалятары? Быў бы іншы, я б узяў іншы», — адказаў Казакевіч.

«Раскайваецеся ў тым, што зрабілі?» — спытаў следчы.

«Не».

«Чаму?»

«З асабістых прычынаў не раскайваюся», — сказаў Казакевіч.

«Можна даведацца, што за прычыны?»

«Не».

Далей у судзе быў абвешчаны перапынак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?