Генеральны пракурор Беларусі Рыгор Васілевіч перакананы, што ў краіне «не спрацоўвае» прынцып індывідуалізацыі адказнасці. Аб гэтым ён заявіў, выступаючы 2 кастрычніка перад членамі савета рэспублікі.

«Самае парадаксальнае, што іншым разам пракуратура знаходзіцца ў пазіцыі таго суб’екта, які патрабуе, прапануе прызначыць пакаранне больш мяккае, чым гэта адбываецца, — зазначыў генпракурор. — У 2007 годзе з 70 тыс. асуджаных толькі 26 асобам было прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі ніжэй за ніжэйшую мяжу. Крыху больш чым 300 прызначана больш мяккае пакаранне».

Паводле слоў Р. Васілевіча, прымяняць больш мяккае пакаранне дазваляе артыкул 70 КК. Ён, як лічыць генпракурор, трактаваўся не зусім дакладна і правільна. У той жа час генпракурор упэўнены, што гэты артыкул «дае больш магчымасці суду для выканання прынцыпу індывідуалізацыі пакарання».

Закранаючы гэты прынцып прымяняльна да сферы карупцыйных злачынстваў, Г. Васілевіч выказаў сумненне ў мэтазгоднасці прызначэння пакарання ў выглядзе шасці з паловай гадоў пазбаўлення волі «ўрачу, ветэрынару, выкладчыку за 30, 40, 50 долараў у выглядзе хабару». «Я за тое, каб службовыя асобы, якія займаюць адказныя становішчы, прадстаўнікі ўлады ў сілу тых наступстваў, што могуць узнікнуць з‑за незаконных паводзінаў і вырашэння шэрагу пытанняў на «камерцыйнай» аснове, трымалі больш суровую адказнасць, — заявіў генпракурор. — Адказнасць павінна быць суразмернай. 26 тыс. долараў — восем‑дзесяць гадоў і, уявіце сабе, 30—50 долараў — шэсць з паловай. Тэрміны не супастаўныя па цяжкасці і па адказнасці».

«Трэба змяшчаць акцэнты, — упэўнены Р. Васілевіч. — Перадусім, узмацняць адказнасць асобаў, якія займаюць высокае службовае становішча, прадстаўнікоў улады. І, канечне, ёсць сферы, у якіх гэтыя дзеянні (карупцыя. — БелаПАН.) выклікаюць цяжкія наступствы для эканомікі. У тым ліку прыватызацыя, дзяржаўныя закупкі, крэдытная сфера, прадастаўленне зямельных участкаў і шэраг іншых. Але адыгрывацца па драбязе, канечне, нельга. Будаваць барацьбу з карупцыяй на нязначных фактах нельга. Але на сістэму ўздзейнічаць неабходна».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?