«Расіяне, чытаем, зайздросцім, думаем», — напісаў у сябе ў фэйсбуку Юрый Гурскі. Гурскі — 34-гадовы беларускі прадпрымальнік, які прыклаў руку да стварэння такіх паспяховых IT-прадуктаў, як Maps.me і MSQRD.

«Апошні дыктатар Еўропы хоча кіраваць сусветным цэнтрам крыптафінансаў», — такі загаловак дало навіне агенцтва бізнэс-інфармацыі Блумберг.

Скептыцызм іншага міжнароднага агенцтва, Ройтэрз, выклікаў незадаволенасць заснавальніка Тут.бай Юрыя Зісера: «Непрыемны артыкул у духу 2000-х, але які ёсць».

«Беларусь уводзіць заканадаўства пра крыптавалюту, каб прывабіць замежных інвестараў», — такі загаловак свайму артыкулу дае Ройтэрз.

«Беларусь легалізавала здзелкі ў крыптавалютах, гэта частка намаганняў павялічыць тэмпы росту прыватнага сектара і прыцягнуць замежныя інвестыцыі шляхам лібералізацыі асобных сектараў сваёй эканомікі, якая застаецца па сваім тыпе савецкай», — піша Ройтэрз.

Журналіст адзначае, што курс самай папулярнай крыптавалюты, біткойна, у мінулую нядзелю дарос амаль да $20.000, а пасля за тыдзень упаў на траціну. Яе адэпты не зважаюць на такую няўстойлівасць каціровак і сцвярджаюць, што мы жывём на золку новай глабальнай валютнай сістэмы, якая не будзе залежаць ад цэнтрабанкаў. І журналіст цытуе слова Лукашэнкі, прамоўленыя ім 11 дзён назад: «Усе разумныя і талковыя людзі разумеюць цяпер, што такое стабільнасць і парадак. І да гэтага берага кожны спрабуе прычаліць. Мы гатовыя такі прычал арганізаваць, і нават больш — гавань».

«Дэкрэт [аб развіцці лічбавай эканомікі] задуманы, каб прыцягнуць прадпрымальнікаў са сферы лічбавых фінансаў, — піша Ройтэрз, — якія пераносяць свой бізнэс у юрысдыкцыі, больш прыязныя да крыптавалют, у час калі рэгулюючыя органы [краін Захаду] звяртаюць усё пільнейшую ўвагу на тыя сродкі, што ўкладваюцца ў лічбавыя валюты».

«Для Беларусі гэта прарыўны дэкрэт», — цытуе Ройтэрз кіраўніка беларускага офіса кампаніі Microsoft Антона Мякішава.

«Мне б хацелася б сказаць дзякуй Аляксандру Рыгоравічу за ягоную здольнасць быць адкрытым да новага, за шчырае жаданне зрабіць Беларусь інавацыйнай і квітнеючай дзяржавай», — не стрымлівае сябе Дзмітрый Гурскі, брат Юрыя Гурскага і іншы гранд беларускага Парка высокіх тэхналогій.

Ён таксама не шкадуе добрых слоў на адрас былога памочніка Аляксандра Лукашэнкі па ідэалогіі Усевалада Янчэўскага, які стаў кіраўніком беларускай Сіліконавай даліны: «Чалавек велізарнай энергіі, каласальных арганізацыйных здольнасцей і вострага розуму».

Між тым Ройтэрз зазначае: «Бліскучыя перспектывы IT-індустрыі непараўнальныя з сітуацыяй у іншых сектарах беларускай гаспадаркі, у цэнтры якіх па-ранейшаму застаюцца стратныя дзяржаўныя прадпрыемствы, амаль ці зусім не рэфармаваныя пасля краху Савецкага Саюза».

«Апошні дыктатар Еўропы цяпер хоча стаць каралём еўрапейскага блокчэйну», — анансуе url артыкула Блумберга.

«Дэкрэт легалізуе бізнэсы, заснаваныя на блокчэйне — тэхналогіі, якая ляжыць у падмурку такіх крыптавалют, як біткойн, — піша Блумберг, — так Беларусь імкнецца стаць сусветным цэнтрам для збору сродкаў праз так званыя initial coin offerings, ICOs. Даходы і прыбытак ад аперацый з выкарыстаннем лічбавых токенаў [фінансавых сродкаў] будуць вызваленыя ад падаткаў да 2023 года. Адначасова будуць зробленыя крокі для спрашчэння руху капіталу між Беларуссю ды іншымі краінамі», — цытуе Блумберг рэзюмэ дэкрэта, падрыхтаванае Віктарам Пракапенем. Агенцтва называе яго «лабістам прыняцця новага заканадаўчага акта».

«PLEASE SHARE! Belarus — the first government in the world to offer full blockchain regulation». «КАЛІ ЛАСКА, ЗРАБІЦЕ РЭПОСТ! Беларусь — першы ўрад на свеце, які цалкам узаконіў блокчэйн», — усклікае ў сябе ў ФБ Пракапеня.

34-гадовы Віктар Пракапеня — адзін з самых паспяховых бізнэсоўцаў беларускага ІТ. За апошнія некалькі гадоў ён перажыў катастрафічнае падзенне і не менш фенаменальнае вяртанне на яшчэ вышэйшую арбіту. У 2006 годзе ён заснаваў Viaden Media — у 2012 годзе яе выкупіць ізраільскі мільярдэр. На заробленыя сродкі Пракапеня стварыў інвестыцыйны фонд VP Capital. Сярод першых інвестыцый гэтага фонду была кампанія exp(capital), сфакусаваная на распрацоўцы праграмных прадуктаў для банкаў і фінансавай сферы. Каб уявіць ступень паспяховасці працы Пракапені: адно толькі падраздзяленне exp(capital), якое займалася мабільнымі дадаткамі, у 2014 годзе было выкуплена брытанской IG Holdings за 200 млн даляраў. Гэта больш, чым, напрыклад, сённяшняя рынкавая цана гіганцкага Мінскага аўтазавода.

У 2015 годзе Пракапеню з падачы Міністэрства ўнутраных спраў затрымліваюць нібыта за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць. Але ў 2016 годзе справа развальваецца, аднак бізнэсоўца змушаюць сплаціць некалькі соцень тысяч даляраў кампенсацыі, перш чым выпусціць з СІЗА. Далей ён — рэдкі выпадак! — сустракаецца з Аляксандрам Лукашэнкам. Прэзідэнт Беларусі наведаў офіс Пракапені ў таварыстве свайго асабістага сябра, нафтавага мільярдэра Міхаіла Гуцэрыева. Гуцэрыеў надзвычай зацікаўлены інвеставаць у ІТ і ўкладае сотні мільёнаў даляраў у праекты Пракапені па развіцці штучнага інтэлекта (беспілотныя аўтамабілі і г.д.).

Пракапеня скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (юрфак), Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, а таксама бізнэс-школу Мінскага Інстытута прыватызацыі і менеджменту. На сёння ён жыве і працуе пераважна ў Лондане, але ягоны бізнэс сканцэнтраваны ў Беларусі і грунтуецца на беларускім інтэлектуальным рэсурсе.

Юрый Гурскі — іншы паказальны прыклад поспеху беларускага ІТ. Што цікава, Гурскі таксама па першай адукацыі не праграміст. І ён таксама — прадукт беларускага грамадства і беларускай адукацыі. Ён скончыў журфак Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, а пасля дадаў дыплом бізнэс-адміністравання Інстытута прыватызацыі і менеджменту.

Юрый Гурскі — беларус, які зрабіў імя на інавацыйных IT-праектах. Фота з Вікіпедыі.

Юрый Гурскі — беларус, які зрабіў імя на інавацыйных IT-праектах. Фота з Вікіпедыі.

Гурскі ўзначальваў Пракапенеў Viaden Media, што зрабіла вялізныя грошы на распрацоўцы мабільных дадаткаў для прадуктаў Apple. Гурскі таксама быў ментарам Maps.me — картаграфічнага прадукту, купленага ў 2014 годзе Mail.ru. Пасля кароткага перыяду супрацы з гэтым расійскім інфармацыйным гігантам, Гурскі стаў ментарам і інвестарам сэлфі-дадатка MSQRD, набытага ў 2016 годзе Фэйсбукам. Нарэшце, у 2017 годзе, разам з іншым геніем беларускага ІТ, Юрыем Мельнічакам, Гурскі прадаў карпарацыі Google свой стартап Aimatter.

Гурскі праводзіць большую частку свайго часу на Кіпры, ягоны бізнэс — глабальны, як і ў Пракапені, але Беларусь — неад'емная частка гэтай справы.

Такія людзі, як Пракапеня, Гурскі і Мельнічак, сталі багатымі — вельмі багатымі — не дзякуючы гандлю сыравінай, доступу да дзяржаўных рэсурсаў ці карупцыйным повязям з чыноўнікамі і сілавікамі, як большасць мільярдэраў Расіі і Украіны. Гэтыя людзі зрабілі сябе самі, сваімі мазгамі. Яны рэальна ўваходзяць у сусветны топ па генерацыі прыбытковых ідэй. Яны ніяк не прывязаныя да Расіі і расійскага рынку. І яны паставіліся да новага дэкрэта з выключным энтузіязмам.

«Amazing work!» — «Класна зроблена!» — напісаў у сваім ФБ Мельнічак.

«Дэкрэт напісаны дакладна так, як таго хацела тэхналагічная супольнасць. Беларусь стане адной з найлепшых юрысдыкцый у свеце для крыптавалют і блокчэйну», — прыводзіць Bloomberg словы кіраўніка Парка высокіх тэхналогій Усевалада Янчэўскага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?