Суд прысудзіў былога дырэктара «Гроднааблсаюздруку» да 8,5 года зняволення: яго прызналі вінаватым у хабарах і крадзяжах. У калонію адправіцца і ягоны намеснік. Падрабязнасці паведамляе Tut.by са спасылкай на прэс-службу УУС Гродзенскага аблвыканкама.

«У яго было ўсё: добрая пасада, высокі заробак, нядрэнная пенсія, але хацелася большага. Грошы даставаліся лёгка: з'ездзіў у Мінск, сабраў «даніну», прывёз за адну паездку 2 заробкі», — распавядае супрацоўнік абласнога УБЭП Сяргей Папок.

Фігурантамі справы сталі кіраўнік дзяржустановы «Гроднааблсаюздрук» 73-гадовы Тадэвуш Валчкевіч і яго намеснік, 44-гадовая Людміла Савошчык.

На працягу года яны былі ў аператыўнай распрацоўцы праваахоўнікаў, а ў 2016 затрымалі. Галоўная прэтэнзія - атрыманне адкатаў ад партнёраў арганізацыі.

Па дадзеных следства, з 2010 фігуранты атрымлівалі хабар ад кіраўніка прыватнага сталічнага прадпрыемства. Пастаўшчык тавару плаціў грошы за падаўжэнне дагавораў, павелічэнне закупак ў яго і своечасовую аплату тавару з боку «Гроднааблсаюздруку». Памер хабараў складаў ад 1,5 да 15 мільёнаў рублёў — усяго на агульную суму ў 240 млн рублёў «старымі».

Часам замест грошай перадаваліся бытавыя прыборы: ад ачышчальніка паветра і пыласоса да скрынкі ліхтарыкаў і батарэек.

Адкаты ў 10% ад сумы плацяжоў перадаваў кіраўніцтву «Гроднааблсаюздрук» яшчэ адзін кіраўнік сталічнага ЧУПа — а ўсяго 150 мільёнаў «старымі». Яшчэ 25 млн перадалі прадстаўнікі двух іншых арганізацый з Мінска. Пазней некаторыя з гэтых партнёраў аформілі яўку з павіннай.

«Як высветлілася, Валчкевіч і Савошчык часта выязджалі ў сталіцу разам. Дырэктар ехаў у міністэрства па службовых справах, у яго намесніка была не менш адказная місія - збор «даніны», — канстатуе яшчэ адзін супрацоўнік УБЭЗ Міхаіл Татарэвіч.

Пры гэтым міліцыянты знайшлі чалавека, які прынцыпова не пагадзіўся рабіць адкаты — за што страціў кантакт з УП «Гроднаблсаюздрук».

Акрамя хабараў кіраўніка сеткі газетных кіёскаў судзілі за крадзяжы пры афармленні камандзіровак.

Ужо ў судзе Ленінскага раёна Гродна фігурант часткова прызнаў віну ў хабарах, фігурантка катэгарычна адмаўляла. Хоць абое пагадзіліся з абвінавачваннем у крадзяжах і добраахвотна пакрылі прычынены ўрон.

Суд прысудзіў былога дырэктара да 8,5 гадоў пазбаўлення волі, а яго намесніка да 7,5 гадоў. У іх таксама канфіскавана маёмасць, на працягу 5 гадоў забаронена займаць пэўныя пасады.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0