Уся работа пахне болем.
Не гніллю і крывавым потам,
А цытрусам і бергамотам
З гаркавым прысмакам няролі.
Ад Плешчаніцаў да Камчаткі
Боль разліваецца па флягах,
Ва ўсіх сіблагах і гулагах
ім мыюць боты і пальчаткі.
Вязуць на склады да сталіцы,
Вязуць і ў дзень, вязуць і ноччу
Вагоны церняў на вяночкі,
І робаў стос — на баграніцы.
Матляюцца, як млын зламаны,
Даўно пашкоджаныя шалі.
Падзякуй на лесапавале,
Што ты яшчэ не расстраляны.
Ідуць расстрэльныя калоны,
Ідуць расстрэльныя каманды,
Па макаўку, да самых гландаў
Прапахлыя адэкалонам.
І крыж апошні давіць шыю,
«Распні! Распні» — увушшы звонам.
Суддзя «Трайным адэкалонам»
Пасля прысуду рукі мые.

10.12.17

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?